28 верасня аб'явяць прысуд журналістцы Ксеніі Луцкінай

Ксенія Луцкіна (справа) ў судзе / sb.by

Прысуд журналістцы Ксеніі Луцкінай аб'явяць 28 верасня а 15-й гадзіне, паведамляе @rada_vision. У сераду, 21 верасня, палітзняволеная выступіла з апошнім словам, папрасіла суд аб гуманнасці, нагадала пра сваю хваробу (за кратамі ў яе пачала расці пухліна ў галаўным мозгу) і неабходнасць у медыцынскай дапамозе спецыялістаў на свабодзе. Луцкіна сказала, што яе галоўнае жаданне сёння — вярнуцца да сына.

Крымінальную справу разглядае Мінскі гарадскі суд. Ксенію Луцкіну абвінавачваюць у "змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Пракурор папрасіў пакараць яе васьмю гадамі пазбаўлення волі.

Луцкіна — была журналістка БТ, якая сышла адтуль на хвалі пратэстаў у 2020 годзе. Яна далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай Рады, што і стала падставай для крымінальнай справы. Затрымалі Ксенію Луцкіну ў снежні 2020-га па "справе Прэс-клуба": яе абвінавацілі ў "нявыплаце падаткаў" (пасля закрыцця гэтай справы распачалі новую). У судзе было заяўлена, што журналістка "выступіла з ініцыятывай стварыць альтэрнатыўнае тэлебачанне" і нават "альтэрнатыўны Мінінфарм".

Вядома, што Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.