Прэзідэнт Літвы адказаў Лукашэнку наконт вайскоўцаў ЗША ў Літве

Прэзідэнт Літвы адказаў Лукашэнку наконт вайскоўцаў ЗША ў Літве

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пракаментаваў выказванні беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі наконт прысутнасці амерыканскіх вайскоўцаў у Літве. 

Напярэдадні кіраўнік Беларусі заявіў, што дыслакацыя амерыканскіх вайскоўцаў на палігоне Пабрадэ — гэта дэманстрацыйны крок, на які Беларусь абавязаная адказаць. Таксама Лукашэнка прыгразіў кіраўніцтву Літвы: "А літоўцы павінны разумець, што адэкватныя адказы — гэта адно. Але ў нас дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб адказаць асіметрычна, як сёння прынята ў палітыкаў гаварыць".

У адказ Гітанас Наўседа падкрэсліў, што вайскоўцы ЗША размешчаныя ў Літве для абароны жыхароў краіны і гэта робіцца не з мэтай запалохаць Беларусь.

"Тое, што ў Літве размяшчаюцца вайскоўцы NATO і тэхніка NATO — гэта проста жаданне абараніць людзей ад верагодных інтэрвенцый, каб яны маглі ў бяспецы ствараць свой дабрабыт. Гэта адзіная мэта абароннай палітыкі Літвы", — перадае ru.delfi.lt словы Наўседы.

Літоўскі прэзідэнт падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра агрэсіўныя намеры: "Мы стараемся абараніць свой край. Нам не патрэбныя іншыя землі, і нам не трэба палохаць сваіх суседзяў, таму што наша палітыка была, ёсць і будзе мірнай".

У кастрычніку ў Літву прыбыў батальён ЗША — амаль паўтысячы чалавек з танкамі і баявымі машынамі пяхоты. Па словах Лукашэнкі, гаворка ідзе пра 30 танкаў і 30 БМП. Ён будзе размешчаны ў краіне да вясны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі