Вы тут

Прэзідэнт Казахстана Такаеў назваў прапанову Лукашэнкі "глупствам"

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў назваў прапанову Аляксандра Лукашэнкі "глупствам". 7 студзеня ён выступіў з чарговым зваротам да нацыі. У ім ён згадаў, што "за мяжой выказваюцца заклікі да бакоў правесці перамовы для мірнага рашэння праблемаў". "Якое глупства! — кажа Такаеў. — Якія могуць быць перамовы з забойцамі, са злачынцамі". Ён даў загад вайскоўцам і паліцыі адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання па "тэрарыстах".

Вядома, што з найбольш красамоўнай прапановай пачаць у Казахстане перамовы выступіў на нарадзе 6 студзеня Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што пратэстоўцаў "бандытамі хтосьці называе", але "розныя там людзі". "Трэба дамаўляцца, пакуль далёка не зайшлі, — гаварыў Лукашэнка. — А з прэзідэнтам Такаевым можна дамовіцца".  Пратэстоўцам ён прапанаваў "стаць на калені, папрасіць прабачэння ў вайскоўцаў" і ўжо тады пачынаць перамовы з уладай. Пры гэтым у 2020-м Аляксандр Лукашэнка не хацеў весці перамовы з мірнымі пратэстоўцамі ў Беларусі.

Аднак прэзідэнт Казахстана прапанову з Мінска не ацаніў, пра перамовы і чуць не хоча. Пры гэтым у звароце ён дзякуе "кіраўнікам краін АДКБ" (а значыць і Лукашэнку) за падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.