Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Штучны свет” ад гурта AMAROKA

Вакаліст AMAROKA Зміцер Афанасенка распавядае Еўрарадыё, што песня “Штучны свет” была напісаная адной з першых, таму і пачаць вырашылі з яе. На сінгле прысутнічае і англамоўны варынят кампазіцыі, які атрымаў назву “Artificial world”.

“Мы ад самага пачатку думалі зрабіць такі бонус да ўсяго альбома — перакласці нашы песні на англійскую мову, хоць раней мы ніколі не спявалі па-англійску, — распавядае вакаліст каманды Зміцер Афанасенка. — Цяпер мы шмат выступаем у Польшчы і хацелі б, каб больш людзей разумела нашы тэксты, бо яны маюць сацыяльную накіраванасць. Але гэта зусім не азначае, што мы плануем з’ехаць на Захад!”

У альбом “Pastka”, які ўбачыць свет у канцы траўня, увайшло 9 кампазіцый на беларускай мове ды 4 бонус-трэкі на англійскай. У пласцінцы музыкі адыходзяць ад азначэння “пазітыў-панк-рок”: лірыка AMAROKA робіцца больш сур’ёзнай, а значная колькасць песень у “Pastka” атрымала больш цяжкае гучанне.

“Калі даваць нейкія арыенціры, то раней гэта быў нейкі амерыканскі стыль — сцяна гуку, дзе гітары, “хуткія” барабаны. А цяпер гэта проста класічны сучасны амерыканскі панк-рок… з Беларусі!" — акрэслівае змены ў творчасці гурта Зміцер Афанасаенка.

Альбом запісаны на мінскай студыі “Maple Tree”, а звядзеннем на адной з маскоўскіх студый займаўся сябра гурта Андрэй Шлык. Над мастэрынгам працавалі на студыі “Big Brain Production” ў Гданьску.

Прэзентацыя альбома “Pastka” адбудзецца ў клубе Re:Public 26-га траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі