Вы тут

Прэйгерман: Перанос перамоў? Мінск не зможа гарантаваць бяспеку мяжы з Украінай

Яўген Прэйгерман

Пераносіць перамовы Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе з Беларусі ў іншую краіну нявыгадна найперш для самой Украіны. Бо ў такім разе ў Мінска будзе менш магчымасцяў гарантаваць суседняй краіне недатыкальнасць і бяспеку з ваеннага пункту гледжання беларуска-ўкраінскай мяжы. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік Экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман, каментуючы ініцыятыву прэзідэнтаў ЗША і Казахстана аб змене месца перамоў Кантактнай групы.

Яўген Прэйгерман: “Калі Беларусь пазбавіцца статусу перамоўнай пляцоўкі, то краіне — і гэта цалкам аб’ектыўна — будзе значна цяжэй аргументаваць Расіі, чаму Беларусь для самой Расіі выгадная менавіта як гэтая пляцоўка, а не як плацдарм для расійскіх вайскоўцаў. З улікам усіх тых абавязанняў у сферы абароны і бяспекі, якія паміж нашымі краінамі ёсць”.

На думку палітолага, сёння няважна, дзе праводзіць перамовы, бо галоўнае — вынік. Але з улікам таго, што розныя падгрупы Кантактнай групы сустракаюцца ў Мінску фактычна кожны тыдзень, цяжка ўявіць, што той жа рытм сустрэч перамоўнікі змогуць захаваць, калі пляцоўку перанясуць у Казахстан.

Нагадаем, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў па выніках перамоў з прэзідэнтам ЗША заявіў, што Дональд Трамп не хоча, каб перамовы па Данбасе праходзілі ў Мінску. Прэзідэнты прыйшлі да высновы, што “Мінск-1” знаходзіцца ў тупіку, паколькі бакі канфлікту не могуць паразумецца. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што “перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху”.

Цалкам размову з Яўгенам Прэйгерманам можна паслухаць тут: