Вы тут

Дональд Трамп не хоча, каб перамовы па Данбасе праходзілі ў Мінску

Нурсултан Назарбаеў і Дональд Трамп. Фота: Reuters

Дональд Трамп не хоча, каб перамовы па Данбасе праходзілі ў Мінску. Прэзідэнт ЗША выступае за іх перанос у іншую краіну. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нью-Ёрку паведаміў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў (ён знаходзіўся з афіцыйным візітам у Злучаных Штатах). Паводле яго слоў, прапанова Трампа прагучала падчас іх сустрэчы. Прэзідэнты прыйшлі да высновы, што “Мінск-1” знаходзіцца ў тупіку, паколькі бакі канфлікту не могуць паразумецца.

“Увогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане, — цытуе словы Назарбаева сайт ria.ru. — Я паездкі рабіў, каб сабраць усіх, каб сустрэліся там. Так дамовіліся, што ў гэтым накірунку будзем працаваць”.

Казахстанскі прэзідэнт лічыць, што на Данбас трэба ўвесці міратворцаў. Верагодна пра гэта ён і размаўляў з Дональдам Трампам.

Як вядома, 11-12 лютага 2015 года ў Мінску прайшлі 17-гадзінныя перамовы “нармандскай чацвёркі” (лідараў Германіі, Расіі, Украіны і Францыі), прысвечаныя ўрэгуляванню сітуацыі на ўсходзе Украіны. Выніковыя дакументы ўвайшлі ў гісторыю, як Мінскія пагадненні. З таго часу ў беларускай сталіцы праходзяць перамовы трохбаковай кантактнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Украіны, Расіі і самаабвешчаных рэспублік. Найвялікшае дасягненне за ўвесь час перамоў — абмен палоннымі. Па многіх пытаннях, у тым ліку аб будучыні Данбаса, бакі дамовіцца не могуць.