Прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Юрыя Шульгана адпусцілі
Ён нават не азнаёміўся з міліцэйскім пратаколам затрымання, бо быў шчаслівы так хутка вызваліцца.
Суд Ленінскага раёна Мінска накіраваў на перагляд адміністратыўны пратакол у дачыненні 38-гадовага беспрацоўнага Юрыя Шульгана, які раней заявіў пра свой намер паўдзельнічаць у сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.
Шульгана затрымалі ўвечары 18 чэрвеня, калі ён быў у гасцях у свайго сябра. Сёння раніцай яго даставілі ў суд, дзе суддзя ўдакладніў яго пашпартныя дадзеныя і паведаміў, што складзены на яго пратакол будзе перагледжаны. Сёння, пасля свайго вызвалення Шульган заявіў БелаПАН, што міліцыянты фактычна не выставілі яму ніякіх абвінавачанняў.
У чым канкрэтна яго абвінавацілі, ён не ўдакладніў, бо “быў шчаслівы, што яго так хутка вызвалілі”.
Раней кіраўнік перадвыбарчага штабу Шульгана Павел Канавальчык меркаваў, што прычынай затрымання маглі стаць нявыплачаныя штрафы па адміністратыўных правапарушэннях, але сам Шульган так не думае.
Ён пацвердзіў, што мае вялікую колькасць нявыплачаных штрафаў, у тым ліку за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы і безбілетны праезд. Але калі б справа сапраўды тычылася гэтых штрафаў, то яго б не выпусцілі з суда, а пакаралі б арыштам, як гэта было каля года таму. Тады яму прысудзілі 10 сутак турмы за нявыплату шматлікіх штрафаў.
Шульган звязвае затрыманне са сваёй грамадзянскай актыўнасцю і намерам удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.