Вы тут

Праз 2-3 гады ў Польшчы можа з’явіцца новая база NATO

Reuters

Прысутнасць NATO ў Еўропе і Польшчы абмяркоўвалі на гэтым тыдні не толькі ў Варшаве, але і ў Кангрэсе ЗША. Намесніца міністра абароны па пытаннях міжнароднай бяспекі Катрын Вілбаргер заявіла, што цяпер паміж Польшчай і ЗША распрацоўваецца план размяшчэння ў нашых заходніх суседзяў новых вайсковых баз NATO. Вілбаргер сказала, што адпаведнае пагадненне мае паўстаць цягам паўгода, максімум год.

"Палякі зрабілі вельмі шчодрую прапанову — 2 мільярды, нават болей, каб у іх з'явіліся дадатковыя вайсковыя базы. На гэтым тыдні ў іх ідуць перамовы, мы працуем над тэхнічнымі дэталямі пагаднення”, — удакладніла Вілбаргер, адказваючы на пытанні кангрэсменаў. 

Па яе словах, Міністэрства абароны ЗША выступіць з прапановай да Дзярждэпа, каб ён быў галоўным перамоўшчыкам з польскім бокам. Каб выйсці на канчатковы варыянт пагаднення, спатрэбіцца ад шасці месяцаў да года.

Аднак, як лічыць кангрэсмен ад дэмакратаў Джон Гарамэндзі, новыя базы ў Польшчы фізічна з’явяцца не раней чым праз два-тры гады. Гэта будзе “мікс” салдатаў, якія знаходзяцца на польскай тэрыторыі пастаянна, і ратацыйных адзінак, паведаміў у Кангрэсе генерал Кёрціс Скапароці — камандуючы Еўрапейскім камандаваннем Узброеных сіл ЗША і вярхоўнакамандуючы сіл NATO ў Еўропе:  

“Я лічу, што павінен быць мікс ратацыйных адзінак і пастаянных. Я цалкам задаволены тымі вайсковымі сіламі, якія былі адпраўленыя ў Польшчу. Важным кампанентам для войска мусіць быць разуменне еўрапейскай місіі. Таму добра было б, каб частка кантынгенту была з суседніх краін, а частка — са штаб-кватэры. Павелічэнне пастаяннай прысутнасці — гэта тое, што нам трэба ў дадзены момант”.

Далей перамовы з польскім бокам па гэтым пытанні мае весці амерыканскі Дзярждэп. Польская газета "Выборча" лічыць, што новая вайсковая адзінка NATO мае паўстаць замест абяцанага раней Форта Трампа ў Польшчы, пра які ніхто не згадвае апошні месяц.

Цяпер у Польшчы знаходзіцца амерыканская танкавая брыгада, якая налічвае 4,5 тысячы салдат, а таксама батальён NATO, аснову якога складаюць амерыканскія вайскоўцы.