Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох чалавек

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох чалавек

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох беларусаў, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Гэта Дзяніс Дзейкун, Аляксандр Нагела, Леанід Герасімлюк і Аляксей Мальцаў.

На сёння ў Беларусі налічваецца 649 палітвязняў.

Дзяніс Дзейкун асуджаны 23 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом паводле арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — за публікацыю ў сацсетках каментароў з асуджэннем незаконных гвалтоўных дзеянняў міліцыянтаў. Яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі.

Аляксандр Нагела асуджаны 25 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом таксама паволе арт. 130 КК — за каментары ў сацсетках з асуджэннем гвалту з боку міліцыянтаў. Яго таксама асудзілі на тры гады пазбаўлення волі.

Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па ч.3 арт.361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) на тры гады пазбаўлення волі. Нагодай таксама сталі каментары ў сацсетках супраць гвалту з боку сілавікоў. 

Па словах праваабаронцаў, каментары, размешчаныя абвінавачанымі, не змяшчаюць прамыя заклікі да гвалту, а развагі пра ўжыванне гвалту ў адказ там з'яўляюцца элементам дыскусіі.

Аляксей Мальцаў асуджаны 13 жніўня 2021 года судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а агулам — да трох гадоў пазбаўлення волі. За ўсе гэтыя злачынствы прадугледжаныя таксама меры пакарання без пазбаўлення волі, кажуць праваабаронцы. Але суд абраў самы цяжкі від пакарання. Такім чынам, Мальцава асудзілі больш строга і выбарна ў параўнанні з іншымі асуджанымі, у якіх не было палітычнага матыву.

Праваабаронцы патрабуюць перагледзець судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", "Прававая ініцыятыва", РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Lawtrend, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі