Праваабаронцы прызналі палітвязнямі сем абвінавачваных па "справе Ціханоўскага"

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі сем абвінавачваных па "справе Ціханоўскага"

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі сем чалавек, затрыманых па так званай "справе Ціханоўскага". Гаворка ідзе пра Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава і Уладзіміра Навуміка

Пад агульнай заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (ліквідаваны беларускім судом), РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, РГА “Прававая ініцыятыва”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр", Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. 

Здарэнне адбылося 29 траўня на выбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай у Гродне. Як адзначаюць праваабаронцы, міліцыянеры затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube-канала “Краіна для жыцця”  Сяргея Ціханоўскага і яшчэ як мінімум 15 чалавек. 

8 чэрвеня следчыя выставілі сямі ўдзельнікам мерапрыемства абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Акрамя таго двух затрыманых вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

"Затрыманне ўдзельнікаў пікету адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім", — падкрэсліваюць падпісанты заявы. Яны вяртаюць увагу на тое, што спярша на адрас Ціханоўскага выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Потым некалькі жанчын спрабавалі стварыць на пікеце канфлікную сітуацыю, а міліцыянты спрабавалі яго незаконна затрымаць. Праваабаронцы мяркуюць, што ўсе гэтыя падзеі (у тым ліку дэманстратыўнае падзенне міліцыянта і рэакцыя дзяржаўных СМІ) дазваляюць зрабіць выснову, што супраць Ціханоўскага магла быць учыненая правакацыя.

"Аналіз відэазапісаў падзеяў і сведчанняў відавочцаў дазваляюць  зрабіць высновы аб адсутнасці  падставаў для затрымання С. Ціханоўскага, пералічаных у КПК Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб адвольным і незаконным затрыманні С. Ціханоўскага, а таму да абвінавачвання ўдзельнікаў пікету ў прымяненні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з ажыццяўленнем імі законнай дзейнасці варта падыходзіць крытычна", — гаворыцца ў заяве.

На падставе гэтых фактаў яны называюць семярых абвінавачаных па справе палітвязнямі. Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны патрабуюць неадкладна правесці аб'ектыўнае незалежнае расследаванне дзеянняў міліцыянтаў і тых удзельнікаў пікета, якія парушылі закон і правы грамадзян.

Як паведамляла Еўрарадыё, 9 чэрвеня прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Пітэр Стана заявіў, што Еўрасаюз патрабуе неадкладна вызваліць Ціханоўскага ды іншых актывістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі