Прапаршчыка з Печаў, які катаваў салдатаў электрашокерам, асудзілі на 5 гадоў

Прапаршчыка з Печаў, які катаваў салдатаў электрашокерам, асудзілі на 5 гадоў

30 сакавіка суд Барысава і Барысаўскага раёна абвясціў вырак прапаршчыку Ігару Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Яго прызналі вінаватым у службовых злоўжываннях, здзеку з салдатаў, атрыманні хабару ды іншых злачынствах. Як паведамляе Радыё "Свабода", Ігар Хішчанка асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем звання прапаршчыка.

Адносна 59-й школы 72-га вучэбнага цэнтра суд вынес прыватнае вызначэнне.

Хішчанка і яго адвакат яшчэ не вырашылі, ці будуць абскарджваць прысуд.

Суд над Ігарам Хішчанкам праходзіў з пачатку сакавіка. Падчас яго былі выслуханыя 18 пацярпелых і 17 сведкаў, вывучаныя 15 тамоў крымінальнай справы.

Следства выявіла, што прапаршчык Ігар Хішчанка ўжываў да вайскоўцаў, якія навучаліся ў 72-м вучэбным цэнтры, электрашокер, караў іх за нязначныя парушэнні дысцыпліны ўдарамі па галаве, біў па целе ўказкай і скруткамі з газетаў, прымушаў купляць яму ў краме прадукты і цыгарэты, абражаў на словах і здзекаваўся. Напрыклад, сведкі распавядалі, як прапаршчык прымусіў шарагоўца з'есці цыбуліну за лішні з'едзены сняданак у салдацкай сталоўцы.

Разам з тым адзін з пацярпелых распавёў Еўрарадыё, што ён сам прасіў, каб Хішчанка стукнуў яго электрашокерам. 

Сваю віну Ігар Хішчанка ў судзе пераважна прызнаў, у тым ліку тое, што караў сваіх падначаленых недазволенымі метадамі. Ён тлумачыў, што іначай не мог навесці парадак і дысцыпліну. На следстве і на судзе прапаршчык папрасіў прабачэння ў пацярпелых.

Злачынствы Ігара Хішчанкі адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Праверка яго дзеянняў пачалася ўвесну 2017 года, а завершаная і перададзеная ў суд яго крымінальная справа была пасля смерці ў 72-м вучэбным цэнтры салдата Аляксандра Коржыча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі