Пракуратура будзе працаваць па начах?

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы нечакана гаворыць пра… суседзяў-дэбашыраў і гучную музыку ўначы!

“Гэта праблема, калі кучка бамжоў, п'яніц тэрарызуе ўвесь дом, калі людзі не спяць начамі, гучыць гучная музыка. Мы сур’ёзна зоймемся гэтымі рэчамі, вельмі сур’езна. Трэба будзе зрабіць адзіны алгарытм рашэння праблемы. Урэшце навесці парадак”, — кажа генпракурор.

Як даведалася Еўрарадыё, сёння закон, хто павінен супакойваць дэбашыраў, і сапраўды незразумелы і не працуе, яго па-рознаму трактуюць і міліцыя, і камунальнікі.

У дыспетчарскай сталічнага ЖЭСа № 94 так тлумачаць, што рабіць, калі суседзі стаяць на галаве:

 “Мы працуем да восьмай вечара — можаце званіць дыспетчару, а калі ноччу — званіце ў міліцыю, яны потым перададуць майстру, каб ён схадзіў пагутарыць. Уначы майстар не пойдзе”.

І якая мне карысць ад таго, што майстар прыйдзе назаўтра? Ноч цярпець ці самому ўтаймоўваць суседзяў? У міліцыі заблытваюць яшчэ больш. Калі што — трэба звяртацца ў міліцыю:

"Увогуле гэта прэрагатыва ЖЭСа, але званіце нам".

Майстар ЖЭСа № 94 Яўген Юр'евіч працуе паўгода, прыкладна раз-два на тыдзень ходзіць па такіх “чутных” заяўках. Калі чуе пра шалёных суседзяў, бубніць пра меры:

“Даём прадпісанні ці складаем пратакол. Сярод ночы нельга мяне выклікаць, майстар з раніцы прыходзіць. Хто рамонт робіць не ў час, хто не дае спаць па начах”, — кажа майстар і нагадвае правілы: рабіць рамонт можна з 9-й раніцы да 7-й вечара і толькі ў буднія дні. Слухаць музыку — да 23.00. За парушэнне суседзі могуць атрымаць штраф – да 30 базавых велічынь і нават выселіцца з кватэры! На практыцы ж такое высяленне здараецца рэдка.

Але суседзі звычайна пачынаюць сходзіць з глузду пасля 23-й гадзіны, калі ЖЭС не працуе. Што рабіць, пытаюся ў майстра — той уздыхае:

“У гэтым і ёсць праблема. Многае вельмі спіхнулі на нас, нам нерэальна выканаць. Бываюць праблемныя кватэры і не заўсёды атрымліваецца ўзяць участковага!”.

Майстарка сталічнага ЖЭСа Фрунзенскага раёна заўважае, што хадзіць па такіх скаргах проста баіцца, хоць гэта і яе абавязак!

“Адзін раз прыйшла сама, а там бамжы — я вельмі перапужалася! Цяпер ходзім калектыўна — я, сантэхнік. Бо адной страшна”.

Распавядае, што прафесійнасць тых, хто скардзіцца і на што, часам пераважаюць усе дазваляльныя межы.

“Бабуля скардзілася, што сусед зверху перашкаджае ёй жыць. Я прыйшла, а ў яе халадзільнік гучней працаваў, чым сусед слухаў музыку! Дайшло да суда, суд адмовіў, бо гэта проста недарэчнасць. Адзіная скарга бабулі была — ён перашкаджае мне жыць! На такой падставе можна ўсіх высяляць”.

Пакуль што адзіная зброя камунальнікаў  — размова з парушальнікам.

На пытанне Еўрарадыё, ці няма ў пракуратуры больш важных праблемаў, чым гучныя суседскія сваркі, у прэс-службе ўдакладняюць, што для Генеральнай пракуратуры дробных пытанняў, асабліва калі гэта тычыцца людзей, няма.

І ўдакладняюць, што пракуратура мае права назіраць за выкананнем любых законаў, у тым ліку і ў ЖКГ. 

“Механізм ёсць, але ён прабуксоўвае. Мы будзем думаць і вырабляць механізм”.

А значыць, сваркі ды рамонты не ў час па-ранейшаму застануцца на ЖЭСах ды міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі