Пракуратура Беларусі хоча прыцягнуць да адказнасці ветэранаў Арміі Краёвай

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед​ / sb.by
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед​ / sb.by

Пракуратура Беларусі рыхтуе запыты ў Польшчу і Літву з просьбай аб аказанні прававой дапамогі. Гаворка ідзе пра тое, каб калегі ў гэтых краінах правялі "працэсуальныя дзеянні ў межах крымінальнай справы аб генацыдзе", распачатай у Беларусі.

"Намі ўстаноўлены звесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія былі ў спісах і прымалі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў. У першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС і [польскай] Арміі Краёвай. Зараз рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы і будзе накіравана даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы", —  заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню.

Ён таксама распавёў, што пракуратура мае намер прадставіць у Міжнародны трыбунал "дастатковы аб'ём доказаў, каб пачаць ва ўстаноўленым парадку працэдуру афіцыйнага прызнання генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны".

Генеральная пракуратура Беларусі распачала гэтую крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва рэспублікі ў гады вайны і ў пасляваенны перыяд у сярэдзіне красавіка. Тады Швед патлумачыў гэты крок тым, што Беларусь у мінулым "сутыкнулася са спробай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам", і што арганізацыя і фінансаванне названых замахаў ажыццяўляецца "некаторымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі, датычнымі ў тым ліку да масавага знішчэння беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны". Справу распачалі "ў мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі