Прадстаўнік ЕС: мы асуджаем затрыманні ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі

Прадстаўнік ЕС: мы асуджаем затрыманні ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі

Прадстаўнік знешнепалітычнай службы Еўрасаюза Петэр Стана 12 траўня асудзіў затрыманні ўдзельнікаў мірных сходаў у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, якія адбыліся ў Беларусі 8 траўня. Таксама ён асудзіў арышты актывістаў "Моладзевага блока", якія 8 траўня пранеслі труну, пратэстуючы супраць правядзення парада ва ўмовах пандэміі каранавіруса.

У каментары DW ён назваў гэтыя затрыманні парушэннем фундаментальнай свабоды сходаў. Стана выказаў асаблівую занепакоенасць тым, што затрыманні адбыліся напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. "Еўрасаюз выступае рашуча супраць любых незаконных абмежаванняў права на свабоду мірных сходаў", — заявіў прадстаўнік ЕС. Ён дадаў, што гэтае пытанне пастаянна ўздымаецца ў размовах з беларускімі партнёрамі.

На думку Стана, усіх затрыманых па гэтых справах неабходна вызваліць, а іх судзімасці па гэтых справах — ануляваць. 

Акцыі ў падтрымку затрыманага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага прайшлі 8 траўня ў розных гарадах Беларусі. На іх і пасля іх былі затрыманыя каля сотні чалавек, у тым ліку праваабаронцы і журналісты. Сярод затрыманых апынуўся, напрыклад, журналіст Аляксандр Буракоў, якому 12 траўня прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі