Вы тут

Прадстаўнік ByPOL: у Івацэвічах будавалі для затрыманых загон з калючым дротам

Святлана Ціханоўская і Андрэй Астаповіч / t.me/tsikhanouskaya

У калоніі №22 у Івацэвічах для затрыманых пратэстоўцаў будавалі спецыяльны "загон", агароджаны калючым дротам. Пра гэта заявіў прадстаўнік ініцыятывы ByPOL — былы следчы Андрэй Астаповіч падчас жывога эфіру ў Instagram са Святланай Ціханоўскай вечарам 15 студзеня.

"У Івацэвічах, нам ужо паступіла інфармацыя, што сапраўды быў момант, калі калючы дрот там, нейкія слупы ўстаўлялі з калючым дротам — быццам загон рабілі, разумееце. Яны рэальна рабілі загон для людзей, таму што тады было па сем тысяч затрыманых за адны суткі - самае масавае. І яны не ведалі, куды ўжо звозіць", — распавёў Астаповіч.

Па яго словах, сілавікі планавалі ў цёплую пару года звезці затрыманых у гэты закон і трымаць іх там пад аховай. 

Пра планы пабудаваць у Івацэвіцкай калоніі лагер для затрыманых пратэстоўцаў стала вядома 15 студзеня. Ініцыятыва ByPOL выклала ў інтэрнэт запіс прамовы чалавека, чый голас падобны да намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. Ён расказвае пра гэты лагер, паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка "з усіх бакоў" прыкрые сілавікоў за выкарыстанне зброі. Таксама ідзе гаворка пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага. З яе вынікае, што пратэстоўца забілі з расійскай траўматычнай зброі — пісталета Ярыгіна, які Расія паставіла беларускім сілавікам.

Аставповіч паведаміў, што пасля публікацыі гэтай размовы ў ByPOL сталі больш звяртацца супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Па яго словах, сілавікі самі не жадаюць ажыццяўлення такіх планаў. 

У прэс-службе МУС запіс назвалі фэйкам і адмовіліся каментаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.