Вы тут

Прадстаўнік Беларусі прасіў у Жэневе спыніць трансляцыю відэа Ціханоўскай

У Савеце па правах чалавека ААН / Reuters

18 верасня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Жэневе Юрый Амбразевіч узяў слова падчас разгляду сітуацыі ў нашай краіне ў Савеце ААН па правах чалавека. Ён папрасіў спыніць трансляцыю выступлення Святланы Ціханоўскай. Паводле слоў Амбражэвіча, яно не прадугледжана працэдурай мерапрыемства.

"Выступленне асобна абраных грамадзян Рэспублікі Беларусь не можа разглядацца прымальным, цытуе словы беларускага прадстаўніка ТАСС. — Просьба спыніць трансляцыю відэа Святланы Ціханоўскай".

Відэазварот Ціханоўскай трансляваўся на экстраных дэбатах па сітуацыі ў Беларусі ў рамках 45-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. "Сітуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнага прыцягнення міжнароднай увагі, гаварыла яна. — Мірных пратэстоўцаў незаконна затрымлівалі, збівалі, гвалтавалі, некаторыя з пратэстоўцаў памерлі".

Дэбаты былі арганізаваны з ініцыятывы Германіі, якая выступіла ад імя ЕС. Акрамя прадстаўніка афіцыйнага Мінска, пра парушэнне правілаў працэдур заявілі прадстаўнікі Расіі, КНР і Венесуэлы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.