Вы тут

Польскі эксперт БТ на радзіме абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Расіі

Матэвуш Піскорскі / Скрыншот "Беларусь 1"

Адыёзныя эксперты працягваюць вяшчаць з экранаў беларускіх тэлевізараў. Апошні час на дзяржаўных каналах часта выступае нехта Матэвуш Піскорскі, якога прадстаўляюць як польскага палітолага.

— Я ўпэўнены, што ўсім беларусам, якія спрабуюць падтрымліваць планы дэстабілізацыі сваёй уласнай краіны, варта паглядзець карцінкі з польскіх гарадоў, карцінкі з Варшавы, — навучае Піскорскі ў эфіры "Беларусь 1".

Еўрарадыё вывучыла біяграфію новага "эксперта" дзяржТБ.

Нестабільныя погляды

Палітолаг па адукацыі, Піскорскі доўгі час выкладаў у розных універсітэтах. Паралельна ён вёў палітычную дзейнасць. У 1990-х быў сябрам ліберальнай Польскай народнай партыі, але пасля перайшоў у Самаабарону Рэспублікі Польшча.

Піскорскі нярэдка з'яўляецца ў крамлёўскіх медыя

Праз год, у 2015-м, ён заснаваў уласную партыю "Змена". У яе адкрыта прарасійскія погляды, а падтрымліваецца яна ў тым ліку і расійскай НУА "Еўразійская абсерваторыя за дэмакратыю і выбары" — структурай, якая выступае "супраць насаджэнні заходніх каштоўнасцяў". Таксама сябры гэтай структуры пастаянна назіраюць за выбарамі на самаабвешчаных тэрыторыях, напрыклад у Прыднястроўі і Абхазіі.

Такая дзейнасць Піскорскага не магла застацца незаўважанай. У 2016-м ён быў затрыманы Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі. За кратамі правёў тры гады, выйшаў толькі ў 2019-м пад вялікі заклад і цяпер чакае суда. Што не перашкаджае яму актыўна выступаць у СМІ.

— Я за тое, каб у Польшчы — на тэлебачанні, у прэсе — адкрыта абмяркоўваць перспектывы супрацоўніцтва з Расіяй. Гатовы спрачацца, адстойваць сваё меркаванне пра стратэгічную важнасць супрацоўніцтва з Расіяй, не асцерагаючыся, што за гэта я і мае аднадумцы будуць заўтра за кратамі. Нам трэба будаваць менавіта такую Польшчу, таму няма сэнсу з'язджаць са свайго дома,казаў ён адразу пасля выхаду з турмы прапагандысцкаму парталу EADaily.

Піскорскі выступае таксама на Sputnik, RT, "Царьграде" і іншых падобных рэсурсах. Цяпер — і ў эфіры беларускага тэлебачання, дзе, апроч іншага, "выкрывае" працу тэлеканала Белсат і іншых незалежных СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.