Польская амбасада пачала прыём заяў на атрыманне “Карты паляка”

Амбасада Польшчы ў Мінску прыняла першыя дакументы ад беларускіх грамадзян для атрымання "Карты паляка". Пра гэта паведаміла прэс-аташэ дыппрадстаўніцтва Моніка Садкоўская. Закон аб "Карце паляка" набыў моц 31 сакавіка. Паводле яе слоў, разглядаць дакументы і прымаць рашэнне будзе консул.

На гэта яму дадзена 14 дзён, але ў выпадку небаходнасці тэрмін разгляду дакументаў можа быць падоўжаны. Атрымаць карту можа асоба, якая валодае польскай мовай на базавым узроўні, мае ў сваяцтве паляка або таго, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзед).

Карта сапраўдная на працягу 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права: атрымаць доўгатэрміновую шматразовую польскую візу; легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без дазволу на працу; займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі; у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, што выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту (на ўзроўні гміны); праязджаць па чыгунцы з 37-адсоткавай скідкай.

Беларускі бок выступае супраць гэтага закона. Афіцыйны Мінск лічыць, што "Карта паляка" 2здольная сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя зносіны, выклікаць напружанасць у беларускім грамадстве, парушыць яго стабільнасць і нарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасцей".

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі