Вы тут

Плату за наземны выезд з Беларусі з 1 ліпеня пачнуць браць і ў Брэсцкай вобласці

Пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы / brestcity.com

З 1 ліпеня браць плату за выезд з Беларусі праз наземныя пункты пропуску пачнуць і ў Брэсцкай вобласці. Гэта прадугледжана рашэннем Брэсцкага абласнога савета дэпуатаў. Рашэнне было прынята яшчэ ў канцы траўня, аднак апублікавана на Нацыянальным прававым партале толькі 17 чэрвеня.

Мясцовы збор будзе выплачвацца з транспартнага сродку (усё роўна, колькі чалавек у ім знаходзіцца) пры перасячэнне мяжы ў наземным пункце пропуску. Памер плацяжу — адна базавая велічыня (зараз гэта 29 рублёў).

Рашэнне прадугледжвае шэраг сітуацый, калі за перасячэнне мяжы можна будзе не плаціць. Ад выплаты збору, у прыватнасці, вызваляюцца:

  • грамадзяне, якія выязджаюць з Беларусі пасля пахавання блізкіх сваякоў (але трэба мець дакументы, якія гэта пацвярджаюць);
  • замежнікі, якія едуць дадому пасля адпачынку і аздараўлення ў санаторыях;
  • замежнікі з выяўленымі цяжкасцямі фізічнай актыўнасці 75-100%;
  • замежнікі, якія выязджаюць на падставе рашэння аб дэпартацыі;
  • замежныя госці "Славянскага базару ў Віцебску" (пры выездзе трэба будзе паказаць квіткі на мерапрыемствы).

Згодна з апублікаваным дакументам, рашэнне аб спагнанні збору "ўступае ў сілу з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання", гэта значыць з 1 ліпеня. Пакуль мяркуецца, што такі парадак будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года.

Нагадаем, раней такія рашэнні прынялі мясцовыя ўлады Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Парадак "платнага выезду" тут запрацаваў з пачатку лета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.