"Перспектыва" абмяркуе з чыноўнікамі закрыццё рынкаў "Экспабела"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" 25 чэрвеня абмяркуе з камітэтам па прадпрымальніцтве Мінаблвыканкама сітуацыю, звязаную з ліквідацыяй адкрытых рынкаў гандлёвага цэнтра "Экспабел". Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.

Нагадаем, кіраўніцтва "Экспабела" мае намер да 1 жніўня ліквідаваць будаўнічы і аўтамабільны рынкі, якія размешчаны на тэрыторыі гандлёвага цэнтра каля мінскай кальцавой аўтадарогі. Прадпрымальнікам, якія працуюць на гэтых рынках, прапанавалі за ўласныя грошы абсталяваць новую гандлёвую пляцоўку за гіпермаркетам Bigzz і пераехаць туды да 15 ліпеня, аднак яны з такімі ўмовамі нязгодныя. Некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў 24 чэрвеня правялі агульны сход, а таксама сустрэчу з дырэктарам "Экспабела" Пятром Сінкевічам, дзе выказалі сваю незадаволенасць наяўнай сітуацыяй.

Паводле слоў Шумчанкі, "Перспектыва" ўжо стала на абарону правоў прадпрымальнікаў адкрытых рынкаў "Экспабела",  і першым вынікам працы стаў дазвол працаваць да 15 ліпеня па дадатковых арэндных пагадненнях. "Спачатку наогул была задума прыбраць гэтыя рынкі да 1 ліпеня", — сказаў ён.

Лідар "Перспектывы" сказаў, што на сустрэчы з прадпрымальнікамі 24 чэрвеня Пётр Сінкевіч зрабіў "безадказныя заявы". "Ён сказаў ім, што калі яны не згодныя з умовамі, то павінны пакінуць рынак, бо бізнес — гэта рызыка, — зазначыў Шумчанка. — Гэта словы безадказнага бізнесмена, які не разумее, што сёння ў краіне галоўнай задачай з'яўляецца захаванне працоўных месцаў. Менавіта такі падыход трэба ставіць у аснову, а не нейкія карыслівыя бізнес-інтарэсы. Усё гэта ідзе насуперак палітыцы цяперашняй улады".

"Сёння важна, каб ніводзін прадпрымальнік не стаў банкрутам і не пайшоў з бізнесу. Таму неабходна кампраміснае рашэнне, якое задаволіць абодва бакі. Пакуль мы такога рашэння не бачым", — падкрэсліў лідар прадпрымальніцкага аб'яднання.

Паводле слоў Шумчанкі, "Перспектыва" мае намер звярнуць увагу ўладаў на гэтую праблему. Так, апрача наступнай сустрэчы з камітэтам па прадпрымальніцтве Мінаблвыканкама, арганізацыя мае намер пачаць збор подпісаў пад зваротам у адрас Адміністрацыі прэзідэнта і Савет міністраў, каб гэтыя органы ўлады ўмяшаліся ў сітуацыю з ліквідацыяй адкрытых рынкаў "Экспабела".

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі