Першы вывазны рэйс з Дубая прыляцеў у Мінск
Беларускія турысты вяртаюцца з Дубая / people.onliner.by
У ноч на 4 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" прызямліўся вывазны рэйс з Дубая. На ім прыляцелі 189 пасажыраў, якія не змаглі трапіць на рэйс 28 лютага, піша onliner.by.
"Белавія" плануе яшчэ два вывазныя рэйсы — 4 і 5 сакавіка. Самалёты з Мінска будуць адпраўляцца пустымі, а вяртацца — цалкам загружанымі. Гэта звязана з тым, што ўлады ААЭ часова забаранілі завоз пасажыраў у Дубай. "Страта для кампаніі, але даплат не патрабуем, гэта не наша палітыка", — пракаментаваў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" гендырэктар перавозчыка Ігар Чаргінец.
Паводле яго, у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах засталося яшчэ каля тысячы чалавек, якія чакаюць вяртання ў Беларусь, і 300 — у Амане.
Першы вывазны рэйс з Дубая вылецеў з дазапраўкай у Актау, а 4-5 сакавіка самалёты Airbus паляцяць без дазаправак, бо паліва ім будзе дастаткова.