Як пакінуць Дубай, калі Блізкі Усход раздзірае вайна? Адказваюць тураператары
Міжнародны аэрапорт Дубая, сталіцы ААЭ / Altaf Qadri / AP
28 лютага ЗША і Ізраіль атакавалі Іран з мэтай змены ўлады ў краіне. У адказ іранскі рэжым атакаваў Ізраіль і вайсковыя базы амерыканцаў, якія знаходзяцца ў Бахрэйне, Іраку, Кувейце і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
ААЭ апошнія гады карыстаецца павышаным попытам у беларускіх турыстаў, якія праз пачатак вайны сутыкнуліся са складанасцямі па вяртанні дадому.
Еўрарадыё запытала ў беларускіх тураператараў, што зараз адбываецца з палётамі на адпачынак у ААЭ і што рабіць, калі праз вайну немагчыма пакінуць краіну.
“Пакуль усё на стопе”
Пад выглядам турыста, які шукае “гарачы тур” у ААЭ на другую палову сакавіка — першую палову красавіка, мы пазванілі ў пяць мінскіх фірмаў.
Тры з іх адказалі, што з рэгіёнам Блізкага Усходу цалкам перасталі працаваць і туры не браніруюць.
“Гэта [сітуацыя] часовая. Зараз мы разбіраемся з тымі турыстамі, якія знаходзяцца там [у ААЭ], каб даць ім усю неабходную інфармацыю. <...> Давайце на зоркі паглядзім [наконт аднаўлення авіязносін], я пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне”, — адказала адна з аператарак агенцыі.
Наконт аднаўлення турмаршруту аператары кажуць, што ўсё залежыць ад авіязносін. Калі можна будзе лятаць, тады можна будзе забраніраваць тур.
“Пакуль адмова да 3 [сакавіка], бліжэйшым часам не браніруем Эміраты”, — распавяла іншая менеджарка.
Магчыма, інфармацыя па аднаўленні турпатоку з’явіцца цягам тыдня — пра гэта паведамілі ў іншай кампаніі.
“Да 7 сакавіка прыпынены авіязносіны з ААЭ <...> Пакуль усё на стопе”, — прызналася чарговая суразмоўніца.
“Адтуль за шалёныя грошы выляталі ў Стамбул”
Пры гэтым ёсць кампаніі, якія працягваюць прадаваць туры ў Эміраты. З агаворкамі на непрадказальнасць сітуацыі на Блізкім Усходзе.
У наступнай кампаніі адзначылі, што вайна доўга не пратрывае, і магчымасць палётаў хутка адновіцца.
“Мы таксама робім стаўкі, што гэта ўсё скончыцца бліжэйшым часам. Але ўсё ж папярэджваем кліентаў — у ААЭ неспрыяльныя ўмовы для адпачынку.
<...> Грузавы самалёт кампаніі Etihad ужо прыляцеў, таму я думаю, што ў бліжэйшыя дні ўсё будзе цалкам нармальна і бяспечна”.
Прадстаўнікі наступнай турагенцыі таксама здзівіліся запыту, але прапанавалі магчымыя опцыі адпачынку.
“Вы ж разумееце, якая сітуацыя зараз складваецца? <...> Пра другую палову сакавіка пакуль вельмі складана судзіць і нешта прагназаваць, ці ёсць нешта “гарачае”. Толькі выйшла на працу і не глядзела, наколькі падгараюць Эміраты на другую палову месяца”, — паведамілі на тым баку.
Выявілася, што ў сакавіку і красавіку “гарачых” пуцёвак па невялікіх коштах бывае не так і шмат. На 5 начэй у Дубай двое дарослых могуць трапіць 16 сакавіка, кошт — 1600 долараў за падарожжа.
Што тычыцца форс-мажораў і гарантый. У выпадку, калі будзе адменены рэйс з Беларусі ў ААЭ, вяртаецца поўны кошт туру без вылічэнняў.
“Калі вы знаходзіцеся ў Эміратах і здарыцца якая-небудзь “вясёлая гісторыя”, то прымаючы бок усіх нашых турыстаў засяляе ў той жа ці іншы адпаведнай якасці гатэль да моманту, пакуль не будзе адкрыта паветраная прастора. Вам будзе падоўжана страхоўка, прадастаўлена бясплатная ежа і бясплатны трансфер, пакуль сітуацыя не нармалізуецца.
<...> У мінулым годзе была падобная сітуацыя, і турыстаў з пляжнай зоны перавезлі ў горад, і палепшылі нават умовы ўтрымання ў плане ежы. Тады самалёты перавозчыка “Флайдубай” не ляталі, а “Белавія” ляталі. Турыстаў з квіткамі “Флайдубай” перавезлі арганізавана Emirates у Маскву, адтуль на аўтобусах у Мінск”.
Ёсць магчымасць узяць лёс у свае рукі — і дабірацца да радзімы самастойна, праз іншыя краіны і перавозчыкаў. Але тады адказнасць будзе ляжаць на вашых плячах.
“Калега блогераў глядзела, што людзі самастойна даехалі да Масхата, сталіцы Амана, і адтуль за шалёныя грошы выляталі ў Стамбул. Гэта будуць вашы выдаткі, якія ніхто не пакрые”, — зазначыла суразмоўніца.