"Перамога, потым сцяг": думкі беларусаў, якія не пагарджаюць дзяржсімваламі

Два сцягі над адной краінай / reuters
Два сцягі над адной краінай / reuters

“Памятаеце, як у 2020 годзе беларусы выходзілі на акцыі пратэсту пад чырвона-зялёнымі сцягамі ці звязвалі іх з БЧБ, дэманструючы, што сімвалы не маюць значэння ў працэсе барацьбы з гвалтам? Ці ёсць такія яшчэ?”

Пытанне Еўрарадыё выклікала дзясяткі каментароў у Фэйсбуку. Хтосьці спытаў, навошта вывучаць аўдыторыю са “стакгольмскім сіндромам”? Іншым ён нагадаў, што пад сцягам Лукашэнкі людзей рэпрэсуюць і забіваюць. Але знайшліся і тыя, хто не пабаяўся напісаць, што асуджаюць дзейную ўладу, але да афіцыйнай сімволікі ставяцца нармальна ці нейтральна.

У гадавіну рэферэндуму 1995 года, пасля якога БЧБ-сцяг і герб "Пагоня" былі замененыя на постсавецкія сцяг і герб, мы публікуем размову з гэтымі беларусамі, якія не пагарджаюць наяўнымі дзяржаўнымі сімваламі.

 

Большую частку свайго жыцця правяла пад чырвона-зялёным сцягам

Аляксандра (имя зменена), 49 гадоў.

— Можа быць, аднойчы чырвона-зялёны сцяг будзе настолькі апаганены дзейнай уладай, што яго прызнаюць сімвалам нацызму і забароняць. Гэта будзе рашэнне беларусаў, тады я буду казаць інакш. Пакуль гавару, зыходзячы з сітуацыі, якая ёсць.

У 2020 годзе стала відавочна, які сцяг блізкі людзям, што жадаюць перамен. Калі ў краіну вернуцца нармальныя законы, неабходна стварыць апытанне, пасля чаго будзе прынятае рашэнне па нацыянальных сімвалах. І я падтрымаю яго, якім бы яно ні было. Прыму БЧБ-сцяг, бо як мінімум ужо за яго пацярпела.

Я лічу, што БЧБ-сцяг — за будучыню, чырвона-зялёны — за мінулае. Так, я стаўлюся да яго як да мінулага, якое трэба ведаць і разумець, што яно было розным.

Большую частку свайго жыцця я правяла пад чырвона-зялёным сцягам і аналагічным сцягам БССР. На ім ёсць арнамент, ён проста шыкоўны і выклікае ў мяне вельмі добрыя асацыяцыі. Ён быў узяты з нашай рэчаіснасці, звязаны з аўтэнтычнасцю беларусаў. Да яго і прыцягваецца мая ўвага, калі я гляджу на сцяг.

 "Победа, потом флаг": мысли белорусов, которые не презирают госсимволы
Чырвона-зялёны сцяг / catherineasquithgallery.com

Што да цяперашняга герба, дык ён вельмі архаічны і выклікае ў мяне толькі думкі пра Савецкі Саюз і дзяцінства.

Але сёння мой сцяг — гэта ўжо БЧБ-сцяг, бо ў 2020 я выходзіла пад ім за будучыню разам з маім народам. Я заўсёды на баку народа і проста не магла не выйсці.

Што да мовы, то ў пачатку 90-х у нашай краіне была зроблена спроба беларусізацыі. Я лічу, што яна была праведзена крыху дакучліва. Я з павагай стаўлюся да Зянона Пазняка, але грамадства, на жаль, яго не падтрымала.

Мы не ведалі, што такое свабода. Усё гэта было хаатычна, і ніхто не ўзяў на сябе адказнасць правесці беларусізацыю граматна.

У 1991 годзе мне было 17 гадоў. У адрозненні ад бацькоў, я вельмі пераймалася, што Савецкі Саюз можа вярнуцца. У краіне з'явіліся нацыянальныя гістарычныя сімвалы. Як і цяпер, БЧБ-сцяг і герб "Пагоня" асацыяваліся з новым жыццём. Але ў 1995 годзе стала зразумела, што мы зноў вяртаемся да мінулага.

Я лічу, што калі ўлада зменіцца, будзе правільным рашэннем увесці адзіную дзяржаўную беларускую мову, бо гэта пытанне захавання нацыі. Не трэба забараняць размаўляць па-руску, але ўся афіцыйная дыскусія краіны павінна весціся па-беларуску. Як і ў пытанні з сімволікай, гэты выбар неабходна зрабіць усім разам і паводле закона.

 

Я б наогул аддаў перавагу новым сімвалам

Віталь, 31 год

— Не бачу прычын, каб ганарыцца нацыянальнай сімволікай у прынцыпе. У мяне ні БЧБ-сцяг, ні чырвона-зялёны не выклікае пачуцця патрыятызму, бо ў большасці людзей няма нават усведамлення таго, што яны беларусы.

Я так думаю, таму што банальна сваю мову мала хто ведае: пісаць — можа яшчэ і напішуць, але вось звязаць некалькі сказаў змогуць адзінкі. Я вучыўся ў беларускамоўнай школе, а на цяперашні момант такіх вельмі мала.

У маёй школе толькі некаторыя прадметы былі па-руску. Нават іспыты пры паступленні ў каледж я здаваў на роднай мове. Магу на ёй размаўляць, але ў маім асяроддзі няма тых, з кім можна было б гэта рабіць.

 "Победа, потом флаг": мысли белорусов, которые не презирают госсимволы
Падручнікі па беларускай мове / Сацсеткі

Тым не менш, лічу, што рэзкія змены аносна мовы прывядуць толькі да пагаршэння варожасці. На ўсё патрэбны час, і гэта працэс не на адзін год.

Што да палітычнай сітуацыі ў краіне, то яна ўся ў сучаснай Беларусі звязаная з вільготнымі марамі пра веліч СССР і жаданне яго аднавіць. Я служыў у войску, і гэта быў змарнаваны час. Уся гніласць сістэмы ў велізарнай ступені бачная менавіта па ўзброеных сілах, дзе кожны спрабуе сцягнуць, кіраваць чужымі лёсамі.

Я негатыўна стаўлюся да таго, што адбываецца ў Беларусі. Сімвалам надаюць занадта шмат увагі. Калі з самага пачатку іх не ўспрымаць, то і негатыву не з'явіцца. Людзей трэба аб'ядноўваць, а дзяленне па сімвалах ніколі не прывядзе да міру.

Калі сітуацыя ў будучыні зменіцца, я б наогул аддаў перавагу новым сімвалам, замест таго, што ёсць. Заўсёды ёсць тыя, хто выкарыстоўвае сімволіку ў сваіх мэтах. У мяне нянавісць толькі да тых людзей, хто выкарыстоўвае сілу.

 

І паліцаі насілі штаны

Алесь, 35 гадоў

— Да чырвона-зялёнага сцяга я стаўлюся нармальна, і пасля падзеяў 2020 года маё стаўленне да яго не змянілася. Васіль Быкаў аднойчы добра заўважыў, што і паліцаі насілі штаны. Так што, цяпер нам і ад штаноў адмовіцца?

Супрацьстаянне сцягоў — гэта, на мой погляд, не тое, што сёння трэба нашаму грамадству.

У 2015 годзе я насіў цішотку з “Пагоняй”. Быў прадстаўніком кампаніі, працаваў з аптэкамі і гіпермаркетамі. Мой кіраўнік быў ашаломлены, але не звольніў і нават нічога не сказаў. Надзеў бы яе цяпер? Хутчэй не.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі