Вы тут

Сёння спаўняецца 25 гадоў рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы і мове

Герб "Пагоня" здымаюць з Дома ўрада / кадр з відэа

14 траўня 1995 года ў незалежнай Беларусі адбыўся першы рэферэндум. Пасля яго памянялася дзяржаўная сімволіка, а руская мова набыла статус дзяржаўнай. 

Рэферэндум быў арганізаваны з ініцыятывы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які кіраваў дзяржавай тады яшчэ першы год. Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце пратэставала супраць пытанняў, вынесеных на рэферэндум, называючы іх незаконнымі: закон "Аб рэферэндуме" забараняў выносіць на галасаванне пытанні пра мову і дзяржаўную сімволіку. Апазіцыйныя дэпутаты зладзілі галадоўку ў парламенце. У ноч на 12 красавіка 1995 года дэпутаты парламента былі збітыя сілавікамі ў масцы і вывезеныя з будынка Вярхоўнага Савета. Пасля гэтага парламенцкая большасць прагаласавала за прызначэнне рэферэндума.

Галасаванне прайшло 14 траўня 1995 года разам з выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га склікання. 

Вынікі рэферэндуму былі наступныя.

За пытанне "Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?" прагаласавала 83,3% удзельнікаў.

За пытанне "Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?" прагаласавала 75,1%.

Пытанне "Ці падтрымліваеце Вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?" падтрымалі 83,3%.

За пытанне "Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?" выказаліся 77,7%.

Кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў зняў бел-чырвона-белы сцяг з тагачаснага будынку Адміністрацыі, не чакаючы, пакуль вынікі рэферэндуму будуць афіцыйна зацверджаныя. Кадры, як ён дзярэ дзяржаўны сцяг на палосы і распісваецца на іх, увайшлі ў гісторыю.

У выніку рэферэндуму беларускую мову сталі актыўна выцясняць з дзяржаўнага і грамадскага ўжытку, а Вярхоўны Савет быў распушчаны ў 1996 годзе пасля наступнага рэферэндуму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.