“Перад абменам баевікі прапануюць сваякам выкупіць палонных"

Цалкам размову з Віктарам Майстрэнкам можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Віктар Майстрэнка, журналіст, галоўны рэдактар газеты "Ковровая искра" горада Каўроў Уладзімірскай вобласці. У Кіеў прыехаў у снежні 2013 асвятляць падзеі Майдана, у кастрычніку 2014 года атрымаў украінскае грамадзянства. Займаецца вызваленнем людзей з палону сепаратыстаў.

Дамаўляемся, каб і нам выдзялялі палонных сепаратыстаў для вядзення перамоў аб абмене

Еўрарадыё: Як атрымалася, што расійскі журналіст не толькі “асеў” ва Украіне, але і атрымаў украінскае грамадзянства і цяпер займаецца тым, што вызваляе ўкраінцаў з палону прарасійскіх сепаратыстаў?

Віктар Майстрэнка: Быў у якасці журналіста спачатку на Майдане, потым былі Крым, Данецк… У красавіку прачытаў інфармацыю, што ў Славянску ўзялі ў палон украінскага журналіста Сяргея Лефцера. І стала відавочна, што ні ў кога няма ніякага ўяўлення, як яго ратаваць. У мяне гэтага ўяўлення таксама не было, але з’явілася ідэя паехаць у Славянск і зняць рэпартаж пра тое, як баевікі бяруць у палон журналістаў-фрылансераў. Праехаць праз блокпосты мне з расійскім пашпартам не склала праблем. І там сітуацыя склалася так, што мы з напарнікам, з якім я ў Славянску і пазнаёміўся, вызвалілі гэтага журналіста. Ну, як вызвалілі… “Стралкоўцы” яго нібыта адпусцілі, але без дакументаў, без нічога — былі ў іх свае планы нейкім чынам “падставіць” місію АБСЕ. Але мы з напарнікам хлопца схавалі, а потым цішком вывезлі са Славянка і давезлі да Кіева. Такое вось было першае вызваленне. Даведаўшыся пра гэтую гісторыю, да мяне звярнулася знаёмая па Майдане дзяўчына — яе сяброўку, фатографа Мілану Амяльчук, узялі ў палон у Данецку. Тут ужо былі тэлефонныя перамовы з асецінамі, што ўзялі яе ў палон, і таксама атрымалася вызаліць. Так і ўцягнуўся ў гэтую справу. Якая не засталася па-за ўвагай расійскіх СМІ: па НТВ паказалі перадачу “Леваабаронцы”, дзе расказалі, што я займаюся вызваленнем выключна “баевікоў “Правага сектару” і байцоў Нацгвардыі” і што “важу грошы з Расіі на патрэбы “Правага сектару” і рэвалюцыі”. Звычайна па выніку такіх перадач у Расіі заводзяць крымінальныя справы, таму я вырашыў перавезці сям’ю ва Украіну. За мае дзеянні па вызваленні палонных украінскі бок прапанаваў мне атрымаць грамадзянства Украіны. Якое я і атрымаў 20 лютага.

Еўрарадыё: Што самае складанае ў справе вызвалення людзей з палону сепаратыстаў?

Віктар Майстрэнка: Самая вялікая складанасць — знайсці кантакт з тым бокам. Каб не толькі дамаўляцца пра вызваленне людзей, але і мець магчымасць дапамагаць тым, хто там сядзіць: перадаваць перадачы з адзежай ці яшчэ чым неабходным.

Еўрарадыё: Вызваленнем палонных займаюцца найперш афіцыйныя структуры — тое ж Міністэрства абароны. Ці, як складваецца ўражанне, амаль афіцыйная структура палкоўніка Рубана. А вы, атрымліваецца, дзейнічаеце неафіцыйна?

Віктар Майстрэнка: Рубан і яго людзі — гэта таксама фактычна неафіцыйная каманда. Ну, атрымалася ў чалавека знайсці фінансаванне на сваю дзейнасць, ён практычна свой чалавек па той бок мяжы супрацьстаяння — ён можа свабодна перасоўвацца па тэрыторыі так званай ДНР. Адзіная афіцыйная структура — “Цэнтр вызвалення палонных” пры Міністэрстве абароны і СБУ. Менавіта ў іх ёсць “абменны фонд”, з якога яны могуць прапаноўваць сепаратыстам пэўных асоб для абмену. І Рубан гэтым жа “абменным фондам” мае магчымасць карыстацца. Дарэчы, менавіта гэты “фонд” служыць прычынай для перыядычных нападак на Мінабароны. Рэч у тым, што сепаратысты настойваюць на вызваленні пэўных людзей, а не шараговых баевікоў. Але супраць гэтых “асаблівых” людзей распачатыя крымінальныя справы, на іх руках вялікая кроў, і тут не ўсё так проста з абменам. Бо тут ёсць пэўныя працэсуальныя абмежаванні — мы ж хочам, каб і закон выконваўся. Калі ж такіх людзей пачаць адпускаць, то і ў іншых краін да Украіны могуць узнікнуць пытанні: “Як так можна рабіць, калі яны злачынцы?” Тым не менш з Мінабароны мы шчыльна супрацоўнічаем.

Еўрарадыё: У абмен на што дамаўляецеся вызваляць палонных вы?

Віктар Майстрэнка: Акурат цяпер мы дамаўляемся, каб і нам выдзялялі пэўную колькасць палонных сепаратыстаў для вядзення перамоў аб абмене. Але з красавіка мінулага года, калі мы пачалі займацца гэтым, і да лютага 2015 года была магчымасць дамаўляцца пра вызваленне за нейкія паслугі з нашага боку — перыядычна ў сепаратыстаў з’яўляюцца пэўныя патрабаванні, і мы дапамагаем ім нешта зрабіць…

Еўрарадыё: Напрыклад?

Віктар Майстрэнка: Ну, з апошняга: арганізоўвалі выезд аднаму з дээнэраўцаў — яго сустракалі на баку Расіі і адпраўлялі дамоў у Стаўрапаль. А за гэта з палону адпусцілі двух цывільных.

Пэўныя групы стараюцца паказаць, што яны такія вось “бэтмены”, адзіныя вартыя ўвагі

Еўрарадыё: А ўвогуле якая сістэма працы: да вас звяртаюцца сваякі чалавека, які трапіў ў палон да сепаратыстаў, і вы яго шукаеце?

Віктар Майстрэнка: Праца пра прынцыпе “скралі чалавека і давайце шукаць менавіта яго” здараецца вельмі рэдка. Наша задача — пошук месцаў утрымання розных ваеннапалонных. Далей так: знайшлі месца ўтрымання і перадаём гэтую інфармацыю “афіцыялам” — вось там знаходзяцца такія людзі. Самі далей дзейнічаем зыходзячы з сітуацыі: дамовіцца з сепаратыстамі, каб дапамагчы хлопцам — перадаць ім “адрасную” дапамогу. Так што найперш мы працуем не па перамовах, а па знаходжанні: дзе хто ўтрымліваецца. Так у апошні месяц вялікая аператыўная праца была праведзеная па пошуку жонкі аднаго з палонных “кібаргаў”. Яна паехала вызваляць свайго мужа, але палон, і два тыдні не было ніякай інфармацыі пра яе месцазнаходжанне. У выніку мы высветлілі, што сама яна знаходзіцца ў Горлаўцы, а аднаго з тых, хто яе суправаджаў, вывезлі ў Расію. Перадалі гэтую інфармацыю ў “цэнтр”, і вызваліць жанчыну ўжо атрымалася ў Рубана, не ведаю, якім чынам. Але знайшлі яе мы.

Еўрарадыё: Як атрымліваецца праводзіць на тым баку аператыўную працу па пошуку людзей?

Віктар Майстрэнка: Асабістыя сувязі. Да прыкладу, у майго напарніка былі знаёмствы ў колах… блізкіх да крымінальных. Цяпер гэтыя людзі пайшлі на службу ў ДНР, але сувязь з імі усё адно падтрымлівалася і праз іх можна было пэўную інфармацыю атрымаць. Але з часам узнікаюць новыя знаёмствы, ці недзе некаму грошай дасі і людзі дапамагаць пачынаюць — есці ж усім хочацца! Карацей, нічога цікавага — руціна… Іншая рэч, што да кастрычніка я сам мог спакойна ездзіць па тэрыторыях, занятых сепаратыстамі, вазіць перадачы палонным, але пасля таго як падаў заяву на атрыманне ўкраінскага грамадзянства, стаў на тыя тэрыторыі “неўязны”. І калі я туды паеду, то мяне могуць лёгка схапіць і вывезці на тэрыторыю РФ. Дзе мяне найхутчэй чакае крымінальны пераслед.

Еўрарадыё: Чуў, што паміж групамі, якія займаюцца вызваленнем палонных, нават нейкая канкурэнцыя існуе…

Віктар Майстрэнка: На жаль, такое ёсць. Пэўныя групы стараюцца паказаць сябе такім чынам, што яны такія вось “бэтмены”, адзіныя вартыя ўвагі. Асабіста я лічу, што трэба займацца справай паціху, як атрымліваецца… Кожны вызвалены чалавек — ужо вялікая справа. І неяк раўніва ставіцца да таго, што нехта яшчэ гэтай справай займаецца, — глупства.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што да кастрычніка справы з баевікамі было весці прасцей — што змянілася?

Віктар Майстрэнка: Цяпер размовы ідуць выключна аб абменах. І канкрэтна для нашай каманды ў гэтым сэнсе ўсё ўскладнілася. Але мы па-ранейшаму аказваем палонным адрасную дапамогу — перадаём ежу, адзежу, гігіенічныя сродкі. Зразумела, што нічога добрага ў палоне няма, але такім чынам знаходжанне там мы стараемся зрабіць больш “камфортным”. Гэта не менш важна, чым абмены. Бо цяпер ёсць “мінскія дамоўленасці”, і буйныя абмены ўсё адно адбываюцца. Але пакуль да абмену дойдзе, трэба хоць так людзям паказваць, што яны не абыякавыя ўкраінскаму боку.

Еўрарадыё: Па “мінскіх дамоўленасцях” павінен адбыцца абмен “усіх на ўсіх” — пра якія буйныя абмены вы кажаце?

Віктар Майстрэнка: Не так даўно абмянялі 139 чалавек, цяпер рыхтуецца яшчэ адзін такі ж буйны абмен. А дробныя групы ў 4-5 чалавек пастаянна мяняюцца. Трэба разумець, што тэрмін “усе на ўсе” не азначае абмен 100% палонных з аднаго боку на 100% палонных з іншага. Але гэты тэрмін дазваляе адысці ад гандлю: “Мы вам 100 чалавек, і вы нам не менш як 100 чалавек давайце”. Проста збіраецца група ваеннапалонных і мяняецца на іншую групу палонных без гэтага гандлю. І цяпер менавіта такія абмены “ўсіх на ўсіх” адбываюцца. Прычым гэтыя “ўсе на ўсе” — не больш як 10-15% ад агульнай колькасці ваеннапалонных. І гэта без уліку цывільных, што ў палоне знаходзяцца.

Тых са сваіх, хто быў злоўлены на патрабаванні выкупу за палонных, сепаратысты расстрэльвалі

Еўрарадыё: Вы пісалі, што апошнім часам стала шмат тэлефанаванняў сваякам палонных з патрабаваннем выкупу. А што, раней такія патрабаванні былі рэдкімі?

Віктар Майстрэнка: Гэта здараецца заўжды бліжэй да абменаў — пачынаюцца тэлефанаванні, каб хоць нешта зарабіць на палонных. Плюс актывізуюцца мясцовыя. Махляры. Вось, учорашні выпадак (размова адбывалася 9 сакавіка — Еўрарадыё), званок сваякам: “Перавядзіце грошы на тэлефон, мы дадзім вам з сынам пагаварыць, калі ўсё будзе добра і яго адпусцяць — вы астатнюю суму пералічыце”. А тэлефанаванне было з цэнтральнай Украіны. Цяпер усе на нервах, і блізкія гатовыя на ўсё, каб іх хлопцы апынуліся на волі, і гэтым карыстаюцца махляры. Але і самі тэрарысты напярэдадні абмену хочуць зарабіць.  Але я ўпэўнены, што калі нават гэта рэальны званок ад тэрарыстаў, то выкуп даваць нельга. Першае: такім чынам вы спансіруеце бандытаў. Другое: з вопыту ведаю, што перавод грошай тэрарыстам — не гарантыя таго, што  блізкі вам чалавек апынецца на свабодзе. Так, у Валнавасе ўзялі ў палон заможнага чалавека, і яго сын заплаціў за “вызваленне” 10 тысяч долараў, а яму сказалі: “Ну, за гэтыя грошы мы будзем твайго бацьку карміць і лекаваць”. І хлопец прыйшоў да нас па дапамогу. Мы вялі перамовы, чалавека вызвалілі, але на вызваленне паўплывалі не грошы, якія сын заплаціў, а зусім іншыя… механізмы.

Еўрарадыё: Што гэта за механізмы? І якія вы можаце даць гарантыі вызвалення тым, каму баевікі гэтае вызваленне блізкага чалавека прапануюць за грошы?

Віктар Майстрэнка: Першае, што трэба зрабіць, атрымаўшы такое тэлефанаванне, — падаць заяву ў СБУ. Разумееце, кіраўніцтва так званых ДНР/ЛНР стараецца паказаць, што на той акупаванай тэрыторыі дзейнічаюць законы. Падаючы заяву ў СБУ, вы фактычна агалошваеце факт патрабавання ад вас выкупу. І калі інфармацыя трапіць да кіраўніцтва тэрарыстаў, то людзі, якія выкуп патрабуюць, будуць тэрарыстамі і пакараныя. Нядаўні выпадак: за байца прасілі ў якасці выкупу дарагі джып, але гісторыю “разагналі” па СМІ. У выніку таго, хто патрабаваў выкуп, пакаралі самі тэрарысты, а хлопец, за якога выкуп прасілі, ужо на свабодзе.

Еўрарадыё: Якое можа быць за патрабаванне выкупу пакаранне — засаромяць ці што?

Віктар Майстрэнка: Не ўсё так проста — там і да расстрэлу даходзіць. Да прыкладу, калі ў Горлаўцы яшчэ быў Безлер, то ён тых са сваіх, хто быў злоўлены на патрабаванні выкупу за палонных, аддаў загад расстрэльваць. І расстрэльвалі. Але ж вы разумееце, што там пастаянная ратацыя адбываецца — прыходзяць новыя людзі, і гэтыя наёмнікі едуць не дапамогу аказваць “рускамоўнаму насельніцтву Данбаса”, а па грошы. Яны ўпэўненыя, што на вайне дазволена ўсё, таму пастаянна такія выпадкі і ўсплываюць. Што да мясцовых махляроў, то звесткі перадаюцца ў СБУ, і далей праваахоўныя органы працуюць.

Еўрарадыё: І ўсё ж складаецца ўражанне, што працэс вызвалення ідзе вельмі марудна — месяцамі людзі знаходзяцца ў палоне. У чым прычына?

Віктар Майстрэнка: Гэта сапраўды цяжкі працэс, які шмат у чым завязаны на палітыку. Цяпер расійскі бок спрабуе выцягнуць на першыя ролі Медведчука і патрабуе, каб усе абмены праходзілі праз яго. Перашкаджае і пэўная канкурэнцыя паміж “абменнымі” групамі. Асобныя групы спрабуюць дамовіцца з тэрарыстамі, каб тыя прызналі іх галоўнымі “абменшчыкамі”. Не ведаю, навошта, можа, нейкае фінансаванне спадзяюцца атрымаць ці якія іншыя прэферэнцыі. Праз такое стаўленне і “канкурэнцыю” тыдзень таму адна група “зліла” перамоўшчыка ад іншай групы, і чалавека колькі дзён у “яме” прытрымалі — такое, як бачыце, таксама бывае. Але праца вядзецца каласальная — і афіцыйнымі структурамі, і неафіцыйнымі. Цяпер ідуць перамовы пра магчымасць адкрыцця на тэрыторыі так званай ДНР “абменнага цэнтра” і каб была магчымасць працаваць з так званымі “плямёнамі” — бандамі, якія “ўладам” у Данецку і Луганску не падпарадкоўваюцца. Праца ідзе — трэба мець цярпенне, і ўсё атрымаецца. 

Фота з асабістага архіва Віктара Майстрэнкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі