Вы тут

Пенсіянерка адказала Лукашэнку пра свой "палац"

Галіна Андрэйчык / svaboda.org

81-гадовая Галіна Андрэйчык з Гродна, дацэнт (выкладала эканамічную тэорыю ва ўніверсітэтах), ветэран працы, інвалід другой групы стала вядомая на ўсю краіну. Спачатку 29 траўня яна ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага эмацыйна выказалася пра сітуацыю ў нашай краіне. "Дзякуй, што выйшлі на вуліцу, — казала яна. — Не бойцеся!.. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды".

4 чэрвеня падчас прызначэння прэм'ера і міністраў пра жанчыну згадаў Аляксандр Лукашэнка. Сэнс яго слоў у тым, што "крычала", а сама, як высвятляецца, жыве ў "палацы". "Чаго табе не хапае?", — спытаўся беларускі кіраўнік. У той жа дзень на БТ паказалі яе дом, здымкі былі зроблены з дрона. Было заяўлена, што ў гродзенкі ёсць катэдж, кватэра ў цэнтры абласнога цэнтра, "дзве недабудаваныя фазэнды", мікраўтобус. А яе дзяцей у сюжэце назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.

"А мяне што, цяпер арыштуюць?" цытуе словы жанчыны пасля ўсіх гэтых заяваў і сюжэтаў Радыё Свабода. Галіна Андрэйчык кажа, што не хавае сваю ўласнасць. Той жа катэдж будаваўся сваімі сіламі некалькі дзесяцігоддзяў, грашыма дапамагалі сваякі з Аўстраліі. У жанчыны два сыны, адзін з іх жыве разам з маці, іншы — у Санкт-Пецярбургу. Яна абурана, што на БТ адбылося разгалошванне яе асабістай інфармацыі — паказалі прыватную тэрыторыю, а да яе па дазвол не звярнуліся.

На словы Лукашэнкі, што "жанчына крычала, гарлала", Галіна Андрэйчык кажа, што ў яе проста моцны голас і выразная дыкцыя — адбітак шматгадовай працы лектарам. Яна, у сваю чаргу, крытыкуе рыторыку кіраўніка дзяржавы: "Гэты чалавек кажа розную лухту: "мой народзец", "абасраныя каровы", "галаву адкручу...". Як такое можна слухаць?".

Малодшы сын Дзмітрый здзіўлены ўвагай да яго маці і іх сям’і. Ён прызнаецца, што баіцца правакацый. Мужчына паказаў другі двухпавярховы дом, абшыты сайдынгам — ён стаіць на ўчастку побач. Кажа, што будавалі яго на заробленыя грошы сваімі рукамі. Але дом яшчэ не скончаны, будоўля замарожаная. Другая "фазэнда" — гэта падмурак лазні побач.

Дзмітрый не шкадуе, што маці выказалася на плошчы: "Мама, ідзі, калі ласка, і кажы, што табе набалела“. Ён толькі не разумее, чым яна так напалохала ўладу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.