Пекла на "Азоўсталі" і забарона на сацсеткі ў Херсоне — 71-я раніца вайны

Украінскія вайскоўцы на "Азоўсталі" у Марыупалі па-ранейшаму трымаюць абарону​ / Reuters
Украінскія вайскоўцы на "Азоўсталі" у Марыупалі па-ранейшаму трымаюць абарону​ / Reuters

На Усходнім (для Украіны) фронце без пераменаў — "праціўнік не спыняе ўдары", паведамляе раніцай у чацвер Генштаб УСУ. Але адначасова, адзначаюць украінскія вайскоўцы, расце напружанне ў Прыднястроўскім раёне Малдовы — тут назіраецца перагрупоўка войскаў, ідзе папаўненне запасаў.

На тэрыторыі Украіны працягваюцца абстрэлы Харкава і ўкраінскіх пазіцый паўночней Ізюма. Расіяне спрабуюць наступаць на Ліманскім, Севераданецкім і Папаснянскім напрамках, але, кажуць у Генштабе ВСУ, беспаспяхова.

Кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай апублікаваў карту разбурэнняў у Папаснай, якую стварыла даследчая група Такійскага ўніверсітэта. Спадарожнікі фіксавалі вялікія пажары, якія за апошні месяц адзін за адным успыхвалі ў некалькіх гарадах рэгіёну. Прычынай пажараў былі баі і абстрэлы. Больш за ўсё разбурэнняў зафіксавалі ў Папаснай.

Ад на "Азовстали" и запрет на соцсети в захваченном Херсоне —  71-е утро войны
Карта разбурэнняў у Папаснай Луганскай вобласці / twitter.com/EuromaidanPress

Працягваецца супрацьстаянне ў Марыупалі. У Генштабе УСУ кажуць, што расіяне пры падтрымцы авіяцыі аднавілі атакі на "Азоўсталь". Там на тэрыторыі завода заблакаваныя ўкраінскія вайскоўцы, яны працягваюць трымаць абарону.

Калі ў свеце існуе пекла, то яно знаходзіцца на "Азоўсталі", лічыць мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка. Яго дарадца Пётр Андрушчанка дадае: гэта "11 квадратных кіламетраў свабоды ў Марыупалі, ператвораныя ў пекла".

"Абстрэлы і штурм без перапынку. Нават ноччу з карэкціроўкай агню з дронаў. Месцамі баявыя дзеянні ўжо за плотам завода",апісаў Андрушчанка сітуацыю ў телеграм.

Напярэдадні завяршыўся другі этап эвакуацыі мірных грамадзян з Марыупаля. Пра гэта казаў у традыцыйным звароце Уладзімір Зяленскі. Атрымалася вывесці 344 чалавекі. Яны выехалі ў Запарожжа. Па словах Зяленскага, яго каманда спадзяецца "працягнуць выратаванне людзей з "Азоўсталі". Там яшчэ застаюцца грамадзянскія, жанчыны, дзеці.

Зяленскі напярэдадні таксама выступіў са зваротам да дацкага народу ў сувязі з гадавінай вызвалення Даніі ад нацыстаў. У сваёй прамове ён, сярод іншага, распавёў пра тое, што Расія выпусціла па Украіне ўжо 1 993 ракеты.

А беларускія актывісты адначасова паведамілі, што па меншай меры 631 ракета прыляцела ў Украіну з тэрыторыі Беларусі. Яны сцвярджаюць, што гэтыя запускі працягваюцца да гэтага часу. Іх фіксавалі, у прыватнасці, 3 мая. Пра гэта распавядае рэсурс "Громадське".

Тым часам у Пентагоне заявілі, што Расія ў апошнія дні наносіла авіяўдары па ўкраінскіх аб'ектах інфраструктуры, каб перашкодзіць пастаўцы Украіне ваеннай дапамогі ад Захаду. Але мэта не была дасягнутая. Зброю і іншыя матэрыялы ўсё яшчэ трапляюць ва Украіну  — Пентагон штодня размаўляе з украінцамі, заявіў прэс-сакратар ведамства Джон Кірбі. Яго словы прыводзіць "Громадське". Кірбі падкрэсліў, што ў ЗША і іншых краін Захаду ёсць шмат спосабаў для транспарціроўкі неабходнай дапамогі.

На захопленых тэрыторыях Херсонскай вобласці расійская адміністрацыя хоча заблакаваць мясцовым жыхарам сацсеткі. Пра гэта заявіў прадстаўнік новай улады Кірыл Страмаўсаў

"Вядома ж, мы ў бліжэйшы час сіламі "ваенна-грамадзянскай адміністрацыі" забаронім на тэрыторыі [вобласці] Facebook, Instagram", —  цытуюць яго расійскія СМІ. Раней новыя ўлады рэгіёну заявілі, што захопленыя землі з 1 траўня "пераходзяць у рублёвую зону".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі