Вы тут

Павераная ў справах пасольства Беларусі ў Чэхіі пачула пра рэпрэсіі на радзіме

Аўтазак у Мінску / З архіву Еўрарадыё

Павераная ў справах пасольства Беларусі ў Чэхіі Вольга Філімончык была выклікана ў пятніцу ў чэшскае Міністэрства замежных спраў. Як паведамляе radio.cz, намеснік міністра замежных спраў Ян Кагоўт растлумачыў ёй абставіны дэпартацыі старшыні Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава. Адзначаецца, што "з улікам дыпламатычнага пратакола, падрабязнасці сустрэчы МЗС Чэхіі не паведамляе".

Кагоўт выказаў Філімончык заклапочанасць Чэхіі сітуацыяй у Беларусі, дзе працягваюцца "недапушчальныя рэпрэсіі ў дачыненні звычайных людзей, прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных СМІ". Таксама была згадана "штучна створаная хваля мігрантаў на мяжы з ЕС, за якую Беларусь нясе поўную адказнасць".

Базанаў і яго жонка збіраліся наведаць у Чэхіі матч жаночай футбольнай зборнай Беларусі (яго ў выніку перанеслі на 2022 год з-за станоўчых тэстаў на каранавірус у некалькіх беларусак), але 30 лістапада былі затрыманы паліцыяй. У іх выявіліся не толькі праблемы з дакументамі (Базанаў гэта адмаўляе), але і парушэнне супрацьэпідэміялагічных мер. Таму шэнгенскія візы, выдадзеныя Венгрыяй, анулявалі, і Базанавы вярнуліся ў Беларусь.

Тлумачэнняў сітуацыі запатрабавалі ў МЗС Беларусі, куды выклікалі часовага паверанага ў справах Чэхіі ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.