Павел Латушка агучыў два сцэнары транзіту ўлады ў Беларусі

Павел Латушка агучыў два сцэнары транзіту ўлады ў Беларусі

Апазіцыйны дзеяч, экс-міністр культуры Павел Латушка агучыў два сцэнары транзіту ўлады ў Беларусі. Дакумент распрацаваны "Народным антыкрызісным кіраваннем", якое ён узначальвае. Адзначаецца, што гэтыя прапановы могуць быць абмеркаваны і дапрацаваны "дэмакратычнымі сіламі і грамадствам Беларусі".

У дакуменце падкрэсліваецца, што "нелегітымнасць прэзідэнцтва Лукашэнкі прызнана як грамадзянамі Беларусі, так і міжнароднай супольнасцю". Найбольш эфектыўным сцэнаром выхаду з крызісу мог быць стаць "канстытуцыйны варыянт транзіту ўлады праз грамадскі дыялог", заяўляе НАК. Але для яго пачатку мусяць быць выкананы пэўныя ўмовы: спыненне гвалту сілавікоў, вызваленне палітвязняў, узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні службовых асоб, вінаватых у злачынствах, у фальсіфікацыі выбараў.

Падкрэсліваецца, што "грамадскі дыялог мае сілу, калі ў ім удзельнічаюць нацыянальны лідар Святлана Ціханоўская, Каардынацыйная рада, НАК і палітычныя лідары, якія трапілі пад рэпрэсіі". Пры гэтым мусяць быць садзейнічанне і гарантыі "міжнародных пасярэднікаў". Далей дасягаюцца дамоўленасці пра спыненне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, пра прызначэнне Ціханоўскай прэм'ер-міністрам, які будзе мець прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Мусіць адбыцца адстаўка службовых асоб, датычных да злачынстваў, і прызначэнне парадку і тэрмінаў абрання новага прэзідэнта на свабодных і дэмакратычных выбарах. Але "пры ўмове новага складу ЦВК".

Другі сцэнар — "грамадска-прававога механізму, які засноўваецца на тым, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ". Рэалізуецца ён "праз складанне прысягі народу Беларусі абраным прэзідэнтам Святланай Ціханоўскай". Яна прызначае прэм'ера, фармуе антыкрызісны ўрад. Адначасова фармуецца новы склад Цэнтрвыбаркаму. І ўжо "праз 40-70 дзён" мусіць быць абраны новы прэзідэнт.

Што да прыняцця новай Канстытуцыі, дык прапануецца яго вырашыць ўжо пры новым прэзідэнце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі