Вы тут

Пастаўкі нафты ў Беларусь праз Украіну пачнуцца ў сакавіку

УНІАН

Пастаўкі нафты ў Беларусь праз Украіну пачнуцца ў сакавіку. На беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы яе будуць дастаўляць па нафтаправодзе "Адэса — Броды". Пра гэта 25 лютага паведаміў намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў. Паводле яго слоў, нафту ў Адэсу даставяць "некалькі танкераў".

"Вядзецца праца па закупцы альтэрнатыўнай нафты з выкарыстаннем паўднёвага маршрута, з украінскай тэрыторыі",  — цытуе словы Сізова БЕЛТА. Ён падкрэсліў, што дастаўка нафты па трубаправодзе — гэта самы эканамічны, хуткі і надзейны транспарт. Але не ўдакладніў, у якой краіне Беларусь набывае нафту, якую танкеры даставяць у Адэсу.

"Мы вядзем працу па набыцці рэсурсаў у Чорным моры, — кажа намеснік старшыні "Белнафтахіма". — Ёсць магчымасць набыцця рэсурсаў як вытворчасці азербайджанскай кампаніі, так і вытворцы з Расіі".

Раней стала вядома, што Беларусь таксама ў сакавіку чакае прыбыццё двух танкераў з нафтай у Клайпеду. "Чорнае золата" было набыта праз трэйдэраў у Расіі. Яшчэ адзін танкер з нарвежскай нафтай у студзені прыбыў у Клайпеду, адкуль груз па чыгунцы быў дастаўлены ў Наваполацк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.