Вы тут

Пасол Швейцарыі зноў наведаў у беларускай турме Наталлю Хершэ

Наталля Хершэ падчас суда / spring96.org​

Пасол Швейцарыі ў Мінску Клод Альтэрмат 25 студзеня наведаў у турме Наталлю Хершэ, ураджэнку Беларусі, а цяпер грамадзянку Швейцарыі.

7 снежня суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яе вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі і асудзіў на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Падставай для крымінальнай справы сталі падзеі 19 верасня, калі Хершэ падчас жаночай акцыі сарвала балаклаву з амапаўца і падрапала яму пры гэтым твар.

"З улікам няпростых умоў справы ў яе ідуць добра. Наталля зноў дзякуе за магутную падтрымку і пастаяннае увагу да яе", напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў Twitter па выніках сустрэчы з Хершэ ў беларускай турме.

Раней Клод Альтерматт размаўляў з Хершэ 5 студзеня. Агенцтва БелаПАН не выключае, што цяперашняя сустрэча можа быць звязаная з галадоўкай Наталлі. Раней СМІ паведамлялі, што яна аб'яўляла галадоўку з-за таго, што да яе перасталі даходзіць лісты. Але пасля таго, як яе перавялі ў камеру з лепшымі ўмовамі і перадалі некалькі дзесяткаў лістоў, Наталля Хершэ спыніла галадоўку.

Аднак, паводле звестак БелаПАН, галадоўка працягваецца. Агенцтва спасылаецца на словы дачкі арыштаванай заснавальніцы "Прэс-клуба" Юліі Слуцкай Аляксандры. Напярэдадні адвакат Юліі Слуцкай сустракаўся са сваёй падабароннай і даведаўся, што да іх у камеру перавялі Наталлю Хершэ.

"Яна (Хершэ — Еўрарадыё) галадае зараз, таму ўсім у камеры прыходзіцца несалодка: па нескольку раз у дзень праводзяць шмоны, выганяюць усіх у карцэр, усё абшукваюць, вытрасаюць, перагортваюць", — распавяла Аляксандра Слуцкая.

Беларускія праваабаронцы прызналі Херше палітзняволенай.

22 снежня сітуацыю з Наталляй Хершэ абмяркоўвалі падчас тэлефоннай размовы міністры замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і Швейцарыі Іньяцыа Касіс. Касіс па выніках размовы напісаў, што пасольства сочыць за гэтай справай і што "наша суграмадзянка павінна быць вызвалена".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.