Пасля размовы напісаў заяву — звольніўся дэкан ФМА БДУ Віктар Шадурскі

Віктар Шадурскі / vminsk.by
Віктар Шадурскі / vminsk.by

Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі напісаў заяву аб звальненні, паведамляе телеграм-канал "Адлічана".

"Адлічана" публікуе вытрымкі з ліста Шадурскага калегам, дзе той паведамляе, што з заўтрашняга дня не працуе на факультэце — "пасля размовы напісаў заяву па ўласным жаданні", і просіць з разуменнем паставіцца да сітуацыі.

"Гэта драма, але ніяк не трагедыя! Шчыра! Прашу правільна растлумачыць гэта калегам і студэнтам!",— піша Віктар Шадурскі.

Ён таксама падзякаваў калегам, папрасіў іх заставацца дружнай камандай і змагацца за факультэт.

Віктар Шадурскі ўзначальваў ФМА 12 гадоў — з верасня 2008 года. Шадурскі — доктар гістарычных навук, прафесар. Мінулай восенню ён праявіў сябе, як чалавек, якому неабыякавы лёс яго студэнтаў. У верасні, калі некаторыя з іх былі затрыманыя за ўдзел у акцыі, дэкан прыязджаў да РУУС.

Акрамя таго, ён даволі крытычна выказаўся з нагоды таго, што адбываецца ў краіне. У снежні 2020 года на пляцоўцы "Мінскага форуму" Віктар Шадурскі казаў пра тое, што афіцыйны Мінск перакладае адказнасць за абвастрэнне ўнутраных праблем на знешнія сілы.

Адзін з выпускнікоў ФМА палітолаг Арцём Шрайбман, каментуючы звальненне дэкана, адзначыў, што "не чуў пра палітычныя звальненні або адлічэнні з ФМА. Упэўнены, у гэтым была заслуга менавіта Шадурскага. Ведаю яго як прыстойнага і адкрытага чалавека, патрыёта, дыпламата па духу".

Гэта звальненне, па меркаванне Шрайбмана, было непазбежна.

"12 жніўня і некалькі разоў потым я пісаў, што шлях да канца нашай сістэмы будзе ляжаць не праз штурм палаца матросамі, а праз павольную і пакутлівую дэградацыю дзяржапарату і дзяржустаноў з-за адслойвання з іх прафесіяналаў", — адзначае палітолаг.

Час прафесіяналаў, якія прымалі ціск сістэмы на сябе, а ў калектывах захоўвалі рабочую дэмакратычную атмасферу, скончыўся. Ім на змену ідуць камісары — "сістэма пазбаўляецца ад паўтонаў".

"Бранзавенне і дэградацыя. Дашчэнту, а затым... Усе б мы аддалі перавагу інашаму шляху, але гэта не наш выбар", піша Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі