Вы тут

Партыя БНФ заклікае патэнцыйных кандыдатаў не ўдзельнічаць у "каранавыбарах"

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Партыя БНФ заклікае патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты не ўдзельнічаць у "каранавыбарах", а далучыцца да кампаніі назірання для выяўлення і фіксацыі парушэнняў. Адпаведную заяву 12 ліпеня прыняў Сойм гэтай беларускай апазіцыйнай партыі. У ёй падрэксліваецца, што "у краіне працуе ранейшая сістэма фальсіфікацый і маніпуляцый, скіраваных на скажэнне волі беларускага народа". Ва ўчастковыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі патрапіла толькі мізэрная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

"Сумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасферы рэпрэсій і запалохвання", — заяўляе Сойм Партыі БНФ. Ён нагадвае пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі. Фронтаўцы абураныя, што ўлада ўжо заяўляе пра "перамогу над вірусам". "Безадказная палітыка, заснаваная на адмаўленні рэальнай пагрозы, прыводзіць да вялікіх людскіх страт", — гаворыцца ў заяве.

У нашай краіне налічваецца каля 65 тысяч выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі 464 чалавекі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 9 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.