“Папрасілі не працаваць”. Што адбываецца з прыватнымі кінашколамі ў Беларусі

Дзяржава працягвае "зачышчаць" Беларусь ад прыватнай адукацыі

Дзяржава працягвае "зачышчаць" Беларусь ад прыватнай адукацыі / Euroradio via Chat GPT

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які на днях з’ехаў з Беларусі праз ператрус і допыт, распавёў, што прычынай увагі да яго сілавікоў з’явілася праца кінашколы “Кінакалайдар”, у якой ён нядаўна стаў дырэктарам. Кудзіненка таксама расказаў, што апошнім часам праблемы ўзніклі і ў іншых недзяржаўных кінашкол. Частка з іх зачынілася, перайшла ў рэжым працы анлайн або адмяніла свае праграмы.

Журналіст Еўрарадыё вырашыў праверыць, ці сапраўды прыватныя кінашколы ў Беларусі болей не працуюць.

 

Незалежным больш быць немагчыма

Буйнейшы анлайн-каталог прыватных паслуг Relax cцвярджае, што ў Беларусі курсы кінамастацтва сканцэнтраваны пераважна ў Мінску, і праводзяць іх трохі болей за дваццаць устаноў.

Найбольш медыйнай з іх можна назваць мінскую кінашколу-студыю Андрэя Палупанава, якая працавала з 2009 года. Сярод яе выпускнікоў значацца рэжысёрка Улада Сянькова, дакументаліст Максім Швед, драматург і сцэнарыст Андрэй Цімафееў, акцёры Аляксандр Гелейша, Аляксандр Лясько і г. д. Таксама школа здымала каротка- і поўнаметражныя стужкі: “Казкатэрапія”, “Традыцыйна Шапэн” і іншыя.

Пасля эміграцыі Палупанава яго школа працягнула існаванне і летам 2023 года правяла рэбрэндынг, стаўшы КінаШколай Filmschoolby.

На дадзены момант сайт кінашколы не працуе — там стаіць заглушка з паведамленнем, што ён у распрацоўцы. А ў інстаграме ўстановы апошні пост быў 23 сакавіка гэтага году пра анлайн-курс па стварэнні відэа з дапамогай штучнага інтэлекту. 

Падобная гісторыя назіраецца ў кінашколы “Тэрыторыя кіно”, якой валодае вядомая рэжысёрка Аляксандра Бутар, што працавала ў канцы нулявых — пачатку 2010-х пастаноўшчыцай на беларускім тэлебачанні і “Беларусьфільме”.

Сайт установы таксама “ўпрыгожвае” заглушка, але ўся інфармацыя з яго прыбрана. Таксама ў інстаграме “Тэрыторыі кіно” ў другой палове ліпеня з’явілася аб’ява, што цалкам прадаецца кінахутар — летні лагер кінашколы, які працаваў пяць гадоў.

Сама ж кінематаграфістка працягвае абнаўляць акаўнт кінашколы, але там гаворка ідзе пра тэатр і пра тое, што набіраецца міні-група жадаючых выразна чытаць вершы. Пра кіно больш пасты не з’яўляюцца.

Адключаны дамен сайта кінашколы Bigfilm — студыі рэжысёркі Ірыны Брэль, дзе кінематаграфістка працавала з дзецьмі. Інстаграм кінашколы зараз пазначаны як прыватны, без падпіскі яго пасты не паглядзець, а інфармацыя ва “Укантакце” абнаўлялася апошні раз вясной 2025 года.

Сама Брэль, судзячы па яе інстаграме, зараз большую частку часу праводзіць у Польшчы, дзе яна ў пачатку ліпеня абараніла дыплом у Варшаўскім універсітэце.

Пры гэтым шэраг кінашкол працягваюць сваю дзейнасць.

Удзельнікі студыі кіно “Перасмешнік” кінематаграфісткі Таццяны Сулімавай здымаюць і паказваюць уласнае кіно ў Мінску, удзельнічаюць у тэматычных кінафестывалях у Расіі.

Заўважана супраца “Перасмешніка” з “Беларусьфільмам”: у чэрвені навучэнцы займаліся на натурнай пляцоўцы дзяржстудыі ў Смалявічах, а саму школу наведаў рэжысёр Кірыл Халецкі — найбольш плённы рэжысёр “Беларусьфільма” пасля 2020 года, які здымае там ідэалагізаваныя фільмы “Класная” і “Культурны код”.

Працягвае дзейнасць і кінашкола студыі “Белроскіно”, дзе навучаюць акцёрскаму майстэрству. Уся кампанія належыць прадзюсару Яўгену Арэндарэвічу — кіраўніку Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Сама студыя шчыльна супрацоўнічае з расійскімі кінакампаніямі, якія здымаюць кіно пра Вялікую Айчынную вайну. Апошні з такіх праектаў — тэлефільм “Партызаны”, паказаны на тэлеканале “НТВ” да свята 9 траўня.

 

“Сумна гэта ўсё”

Крыніцы Еўрарадыё, абазнаныя ў пытанні кінаадукацыі ў Беларусі, кажуць, што Кудзіненка мае рацыю — сапраўды, даюць працаваць у Беларусі толькі ўстановам, дзейнасць якіх пільнуюць улады праз дзяржструктуры.

Частка з іх яшчэ раней пачала працаваць анлайн ці стала пераходзіць да віртуальнага фармату дзейнасці апошнім часам. Але ў першай палове лета гэтага года кінашколам прыйшло пісьмо з запытам, ці вядзецца ў іх навучанне дзяцей. І пасля гэтага шэраг праектаў стаў на паўзу альбо ціхенька закрыўся. 

Другі суразмоўца дадае, што ўладальнікаў кінашкол улады настойліва “папрасілі не працаваць”. Кагосьці — у мяккай форме, кагосьці — у больш жорсткай, як гэта абылося з Кудзіненкам, які, па яго уласных словах, планаваў працягваць дзейнасць “Кінакалайдара”, перааформіўшы юрасобу на сябе.

“Сумна гэта ўсё”, — рэзюмавала крыніца.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.