Памёр народны артыст Беларусі акцёр Сяргей Журавель

На 62-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, акцёр Купалаўскага тэатра Сяргей Журавель. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік аддзелу знешніх сувязяў тэатра Дыяна Даражок. Паводле яе словаў, для калегаў акцёра гэтая смерць стала нечаканасцю.

“Гэта не была хвароба, якая вядомая, дапусцім, у тэатры. Ён не знаходзіўся на бальнічным і не меў прыкметаў захворвання, калі мы сыходзілі ў адпачынак месяц таму. Таму для нас гэта, вядома, раптоўны сыход з жыцця Сяргея Барысавіча”, — адзначыла Дыяна Даражок у каментары Еўрарадыё.

Абставіны смерці артыста пакуль не паведамляюцца. У найбліжэйшыя гадзіны будзе прынятае рашэнне наконт даты, часу і месца развітання.

Сяргей Журавель нарадзіўся ў Мінску 1 чэрвеня 1954 года. Працаваў у Тэатры юнага гледача, Маладзёжным тэатры. З 2009 года стаў акцёрам Купалаўскага тэатра. У 2011 годзе атрымаў званне Народнага артыста Беларусі. Сяргей Журавель вядомы таксама па шматлікіх ролях у беларускіх і расійскіх фільмах. Ён зняўся больш чым у 60 стужках. Сярод іх ― "Дастыш Фантастыш", "Масакра", "Псеўданім "Албанец"", "Скрасці Бельмандо", "Дзяржаўная мяжа" і іншыя. З 2006 года Журавель быў голасам тэлеканала СТБ.

Фота: alpha-concert.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі