Памёр кампазітар Дзмітрый Смольскі — аўтар оперы "Сівая легенда"

Памёр кампазітар Дзмітрый Смольскі — аўтар оперы "Сівая легенда"

Ва ўзросце 80 гадоў памёр вядомы кампазітар народны артыст Беларусі Дзмітрый Смольскі, перадае БЕЛТА. Ён — заслужаны дзеяч мастацтваў, кавалер ордэна Францішка Скарыны, прафесар, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола і Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Развітанне з кампазітарам адбудзецца ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 2 кастрычніка з 10.00 да 13.00.

Дзмітрый Смольскі нарадзіўся 25 ліпеня 1937 года ў Мінску ў сям'і музыказнаўцы Браніслава Смольскага. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова, а потым — аспірантуру педінстытута імя Гнесіных у Маскве. Нейкі час Смольскі выкладаў у Магілёўскай музычнайым вучэльні, а з 1962 года працаваў у Беларускай акадэміі музыкі. У 1986 годзе ён стаў прафесарам гэтай установы.

На пачатку сваёй творчай дзейнасці Смольскі захапляўся канструктыўнай музыкай. Гэта знайшло адлюстраванне ў яго фартэпіяннай сюіце "Гульня святла" і сімфоніі "Актафонія". Аднак потым ён перайшоў да больш традыцыйнай музыкі. І ў 1970 годзе стварыў араторыю "Мая Радзіма" на творы беларускіх паэтаў.

У 1970-я гады кампазітар стварыў вакальныя цыклы на вершы Гарсіі Лоркі, Фёдара Цютчава, Ганны Ахматавай і Марыны Цвятаевай. Асобнае месца ў творчасці Смольскага займае араторыя "Паэт" на вершы Янкі Купалы.

Напрыканцы 1970-х кампазітар звярнуўся да творчасці Уладзіміра Караткевіча і напісаў сваю першую оперу "Сівая легенда". У 1980 годзе гэты спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Опера была запісаная для фонду Беларускага радыё, а на Беларускім тэлебачанні быў пастаўлены аднайменны фільм-опера.

Пазней Смольскі напісаў таксама оперы "Францішак Скарына" і "Апалон-заканадаўца". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі