Палітзняволеная Сафія Сапега не застаецца без дапамогі
![Палітзняволеная Сафія Сапега не застаецца без дапамогі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/ssapieha.jpg.webp?itok=qhbt5rJz)
Офіс Святланы Ціханоўскай не дапаможа палітзняволенай Сафіі Сапега выплаціць гіганцкі штраф. У панядзелак шмат каго абурыў гэты факт з публікацыі "Бі-Бі-Сі". Але справа, хутчэй, у няўдалай фармулёўцы. Сапега не застаецца без дапамогі.
![Палітзняволеная Сафія Сапега не застаецца без дапамогі](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph_watermark/public/paragraphs/image/11_28.jpg.webp?itok=4kblETj2)
Ціханоўская сапраўды не будзе плаціць за Сапегу — проста таму, што ў яе офіса іншыя функцыі. Дапамогай рэпрэсаваным у Беларусі займаецца адпаведны дабрачынны фонд. Там карэспандэнту Еўрарадыё распавялі, што адразу пасля затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі на іх карысць было сабрана больш за 17 тысяч еўра, якія размеркавалі 50/50.
Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак не выключае, што збор сродкаў будзе запушчаны паўторна — калі будзе запыт пра гэта.
Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021 года. У пачатку траўня 2022-га расіянка была асуджана на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд пастанавіў спагнаць з Сафіі каля 175 тысяч рублёў (гэта 167 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды "пацярпелым" і 7 488 рублёў судовай пошліны).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.