Вы тут

ЗША: двое пасажыраў рэйса Ryanair дагэтуль не дабраліся да пункту прызначэння

Самалёт Ryanair, які прымусова садзілі ў Беларусі / Reuters

Спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі Джулі Фішэр выступіла з заявай з нагоды гадавіны вымушанай пасадкі рэйса Ryanair.

Яна згадала, што самалёт пасадзілі пад фальшывай пагрозай выбуху. "Двое пасажыраў гэтага рэйса застаюцца пад вартай у Беларусі і яшчэ не дабраліся да канчатковага пункту прызначэння.  Раман Пратасевіч быў першапачатковай мэтай аперацыі і працягвае быць ахвярай у якасці апоры ў прапагандысцкіх намаганнях рэжыму Лукашэнкі. Між тым, Сафія Сапега атрымала прысуд да шасці гадоў турэмнага зняволення", — адзначае прадстаўніца Вашынгтона.

Па яе словах, рэжым Аляксандра Лукашэнкі наўмысна парушыў міжнародныя гарантыі бяспекі пасажырскіх рэйсаў. Гэта было зроблена, "каб задушыць іншадумства, прымусіць замаўчаць незалежныя галасы і паслаць апанентам сігнал, што знаходжанне за межамі Беларусі не з’яўляецца гарантыяй бяспекі", падкрэслівае Фішэр. 

ЗША, дадае яна, падтрымліваюць намаганні ІКАО па ўсебаковым расследаванні гэтага інцыдэнта і чакаюць публікацыі канчатковай справаздачы. Па словах дыпламаткі, Злучаныя Штаты працягнуць супрацу з партнёрамі, каб прыцягнуць да адказнасці людзей, вінаватых у інцыдэнце. Гэты выпадак парушыў не толькі міжнародныя нормы і крымінальнае заканадаўства ЗША, падкрэслівае Фішэр, але і паставіў пад пагрозу жыцці грамадзян ЗША ды іншых нявінных пасажыраў, якія былі ў той дзень на борце самалёта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.