Палітык, махляр і бізнесовец — хто з беларусаў хаваў грошы ў банку Швейцарыі

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии

Буйныя рахункі ў швейцарскім банку — вось што аб'ядноўвае былога беларускага дэпутата, бізнесоўца, які двойчы аказваўся за кратамі ў розных краінах, і блізкага да беларускіх уладаў бізнесоўца. Усе яны маглі скарыстацца сакрэтнасцю швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў. Да такой высновы прыйшлі журналісты "Беларускага расследніцкага цэнтра" (БРЦ).

Звесткі пра кліентаў буйнога швейцарскага банка Credit Suisse атрымала нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung. Гэтым злівам яно падзялілася з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, чальцом якога з'яўляецца БРЦ. Там была інфармацыя пра больш чым 120 беларусаў, якія адкрывалі рахункі ў Credit Suisse.

З дапамогай "Кіберпартызан" журналісты праверылі беларускіх кліентаў Credit Suisse, звязаных з палітыкай ці асуджаных за злачынствы. З агульнага спісу выбралі трох чалавек, якія маглі выкарыстоўваць сакрэтнасць швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў. Часам банкі недастаткова строга правяраюць сваіх кліентаў. Былыя і дзейныя супрацоўнікі Credit Suisse у гутарцы з журналістамі OCCRP тлумачылі гэта карпаратыўнай культурай, якая заахвочвае рызыкаваць дзеля павышэння прыбытку.

Расследавальнікі даведаліся, адкуль у гэтых людзей маглі з'явіцца вялікія рахункі ў швейцарскім банку.
 

Ганаровая пенсія дэпутата

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Былы дэпутат Пётр Калугін / investigatebel.org

Апошні дзень лета 2008 года. У чаргу на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць аўтамабіль "Аўдзі". За рулём — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Калугін.

Сваю трэцюю кадэнцыю ён заканчвае ў статусе ветэрана працы і ганаровага грамадзяніна Салігорска. Гэтыя рэгаліі Калугін атрымаў за працу на "Беларуськаліі". Пачаўшы свой шлях на прадпрыемстве звычайным слесарам, ён даслужыўся да гендырэктара і займаў гэтую пасаду амаль дзесяць гадоў — з 1992 па 2001 год.

Ужо на наступны дзень пасля перасячэння мяжы Калугін адкрывае рахунак у швейцарскім банку Credit Suisse для неназванай фірмы. На той момант ён афіцыйна не працуе ні ў адной кампаніі ў Беларусі — толькі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Праз год і сем месяцаў на гэтым рахунку з'явяцца амаль $1,3 млн.

З дапамогай "Кіберпартызан" БРЦ высветліў, што даход Калугіна за сем гадоў — з 2003 па 2009 — склаў каля $87 тысяч. Гэта ў 15 разоў менш, чым сума на яго швейцарскім рахунку.

Пётр Калугін у тэлефоннай размове з журналістамі выразна адказаць на пытанні пра грошы не змог. Тады расследавальнікі пачалі шукаць адказы ў яго біяграфіі.

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната / "Шахтаспецбуд"

Будаўніцтва комплексу абярнулася скандалам. Паводле звестак СМІ, туркменскія ўлады абвінавацілі Беларусь у неналежным выкананні кантракту і падалі пазоў у Арбітражны інстытут Гандлёвай палаты Стакгольма, шырока вядомы як Стакгольмскі арбітраж. Шкоду яны ацанілі ў $900 млн. У Беларусі гэтыя абвінавачванні адрынулі і падалі сустрэчны пазоў на $400 млн. Пра завяршэнне разбіральніцтва дагэтуль не паведамлялася, але калійны камбінат у Туркменістане ўсё ж здалі ў эксплуатацыю. Адбылося гэта ў 2017 годзе, хоць запуск планаваўся на два гады раней.

Увесь гэты час Пётр Калугін працуе ў "Шахтаспецбудзе". На яго запісаны невялікі дом у Слуцкім раёне, на яго жонку — чатырохпакаёвая кватэра каля Камсамольскага возера ў Мінску і двухпавярховы катэдж ля Салігорскага вадасховішча.

Свой рахунак у швейцарскім банку Калугін закрыў ў жніўні 2014 года.
 

Крымінальная Расія

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
На калажы — Альберт Ларыцкі / investigatebel.org

У беларуса Альберта Ларыцкага ў швейцарскім банку Credit Suisse аказаліся два рахункі. Абодва адкрытыя ў пачатку 2011 года — менавіта тады разгортвалася гісторыя, пасля якой у турме аказаліся расійскі губернатар і сам Ларыцкі. У той час як звязанае з ім расійскае прадпрыемства банкрутавала, атрымліваючы дзяржкрэдыты, ён збіраў мільёны на сваім рахунку ў Швейцарыі. А пасля абвінавачванняў у фінансавых махінацыях Ларыцкі, падобна, паўдзельнічаў у правакацыі супраць ліберальнага палітыка. Нядаўна ён выйшаў на волю. БРЦ змог даведацца яго версію падзей.

Альберт Ларыцкі родам з Гомеля, яму 47 гадоў.

У родным горадзе ён у 90-я пачаў свой першы бізнес — гандляваў спіртным оптам і ў розніцу. Тады ж Ларыцкі пазнаёміўся з бізнесоўцам Юрыем Зудхаймерам. Той родам з Казахстана, але яшчэ да развалу Савецкага Саюза перабраўся ў Германію. Там пачаў займацца вытворчасцю фільтраў і змазак і адкрыў іх склад у Гомелі.

Пазней дарогі Зудхаймера і Ларыцкага часова разышліся. Першы пераехаў з Германіі ў Швейцарыю, а другі перабраўся ў Расію, дзе стаў віцэ-прэзідэнтам "Зернестандарта". У 2008 годзе гэты аграхолдынг выкупіў акцыі "Нававяцкага лыжнага камбіната" і неўзабаве пачаў яго мадэрнізацыю, план якой падтрымаў тагачасны губернатар рэгіёна Мікіта Бялых.

Гэты праект зноў звёў Зудхаймера і Ларыцкага разам. Са словаў нямецкага бізнэсоўца, на мадэрнізацыю "Нававяцкага камбіната" ён на просьбу свайго беларускага партнёра вылучыў каля $40 млн. Але праект праваліўся, а прадпрыемства загразла ў даўгах і стала неплацежаздольным. Разлічваючы вярнуць укладзеныя ў камбінат грошы, Зудхаймер звярнуўся ў ФСБ, і ў 2015 годзе Ларыцкага затрымалі па падазрэнні ў фінансавых махінацыях.

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Альберт Ларыцкі ў зале суда / Newsler.ru

Паводле версіі следства, беларускі бізнесовец, які да таго моманту атрымаў від на жыхарства ў Швейцарыі, па падробленых кантрактах браў крэдыты ў расійскага "Сбербанка" на закупку абсталявання для мадэрнізацыі камбіната, але атрыманыя грошы выводзіў на свой асабісты рахунак у тым самым банку Credit Suisse.

Альберт Ларыцкі так пракаментаваў гэта БРЦ:

— Я жыву ў Швейцарыі. У мяне, вядома, ёсць рахунак. І, вядома, на гэты рахунак я пераводзіў са сваёй кампаніі грошы. То-бок я перавёў грошы як інвестыцыі са свайго рахунку на сваю кампанію і потым гэтыя грошы часткова атрымаў назад. Не ўсе.

БРЦ праверыў гісторыю рахунку Ларыцкага, адкрытага ў лютым 2011 года падчас мадэрнізацыі "Нававяцкага камбіната". У траўні 2011 года на ім было каля $3 млн. Максімальная сума на другім рахунку — прыкладна $275 тысяч у сакавіку 2014 года. Аднак паводле звестак следства, у выніку фінансавых махінацый Ларыцкі вывеў значна большую суму — каля $10 млн. На судзе ён цалкам прызнаў сваю віну, але заявіў, што яго да гэтага змусілі:

— У [СІЗА] "Лефортаве" прызнаюцца ўсе. Палітыкі, бізнесоўцы, міністры. Па рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека знаходжанне ў "Лефортаве" прыраўноўваецца да катаванняў. Я правёў там два гады і чатыры месяцы. Паверце, калі б, не дай Бог, вы туды трапілі, вы б прызналіся ў забойстве Кенэдзі.

Ларыцкі лічыць сваю справу палітычна матываванай — сфабрыкаванай, каб пасадзіць тагачаснага губернатара Кіраўскай вобласці Мікіту Бялых. Яго затрымалі ў 2016 годзе з доказамі злачынства падчас атрымання хабару ў Маскве. Як сцвярджаў на судзе пракурор, грошы Бялых атрымліваў за пратэкцыю над "Нававяцкім лыжным камбінатам". Ларыцкі нібыта праз пасярэднікаў перадаў Бялых 200 тысяч еўра ў 2011-2012 гадах, а Зудхаймер — 400 тысяч еўра ў 2014-2016 гадах.

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Не абышлося без сувязяў з Аляксеем Алексіным / investigatebel.org

У студзені 2012-га ў швейцарскім банку Credit Suisse з'яўляецца рахунак на неназваную кампанію беларускага бізнесоўца. У ліпені на ім ляжыць больш за $36 млн. У той час з Credit Suisse Trade Finance ужо супрацоўнічае літоўскі бізнесовец Вітальд Тамашэўскі. У швейцарскім банку ў яго адкрыты рахунак на фірму Savoil. Гэтая кампанія, паводле крыніцы БРЦ, датычная да схемы з растваральнікамі 2011-2012 гадоў.

Тады Расія пастаўляла Беларусі нафту і нафтапрадукты без збірання мытных пошлін. Іх трэба было плаціць толькі калі Беларусь прадавала на экспарт нафтапрадукты, зробленыя з расійскай нафты. Але быў шэраг тавараў, якія не абкладаліся пошлінамі. Напрыклад, растваральнікі. Пад іх выглядам беларускія дзялкі і пачалі актыўна перапрадаваць расійскія нафтапрадукты, такім чынам унікаючы падаткаў.

Сярод іх еўрапейскіх партнёраў была, напрыклад, літоўская фірма One Energy. У 2011 годзе яе выручка перавысіла $1 млрд, і чвэрць даходу прыпала на растваральнікі.

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Сумы ў літоўскіх літах / БРЦ

Але асноўныя аб'ёмы паставак па гэтай схеме ішлі праз кампанію Savoil Вітальда Тамашэўскага, сцвярджае крыніца БРЦ. За пяць месяцаў працы выручка гэтай фірмы перавысіла $800 млн, а за 2012 год наблізілася да $5 млрд. Чысты прыбытак за два гады — звыш $80 млн.

Тамашэўскі — даўні партнёр апальнага беларускага бізнесоўца Юрыя Чыжа. Іх галоўны сумесны праект — якраз схема з растваральнікамі. Беларускія расследавальнікі разам з літоўскім расследніцкім цэнтрам Siena высветлілі, што з беларускага боку ў афёры ўдзельнічала кампанія "Трайпл" Юрыя Чыжа і яшчэ дзве фірмы — "Трайпл-Энерга" і "Белнафтагаз". Абедзве звязаныя з бізнесоўцам Аляксеем Алексіным: першую ён узначальваў, а другой валодаў разам з жонкай.

У той час Алексін працаваў на Чыжа, і менавіта яму прыпісваюць ідэю схемы з растваральнікамі.

Политик, мошенник и бизнесмен — кто из белорусов прятал деньги в банке Швейцарии
Аляксей Алексін / Office Life

У студзені 2012 года — у разгар гэтай схемы — Алексін і адкрыў той самы рахунак у швейцарскім банку, на якім пасля аказалася $36 млн. БРЦ патэлефанаваў бізнесоўцу, каб даведацца, адкуль ён атрымаў гэтыя грошы, але той адмовіў у каментары. У 2012 годзе Расія спыніла схему з растваральнікамі, а праз два гады Алексін закрыў рахунак у Credit Suisse.

Дарогі Чыжа і Алексіна разышліся. Першы ўжо двойчы пабываў за кратамі, а другі стаў адным з самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі і ў 2021 годзе трапіў пад санкцыі ЕС і ЗША як “кашалёк” Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі