Палітвязню Мікалаю Дзядку афіцыйна выставілі новае абвінавачванне

Палітвязню Мікалаю Дзядку афіцыйна выставілі новае абвінавачванне. Дагэтуль ён знаходзіўся ў статусе падазраванага. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на праваабаронцаў.

Мера стрымання па новай справе не абіралася, таму Дзядок застаецца да суда ў адзіночнай камеры Магілёўскай турмы. Па словах зняволенага, асноўныя яго парушэнні — гэта знаходжанне ў камеры ў спартыўным касцюме. Турэмнае начальства палічыла яго паводзіны "злосным непадпарадкаваннем".

Нагадаем, Мікалай Дзядок разам з Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам асуджаныя ў траўні 2011 года за злоснае хуліганства і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці. Іх вінавацілі ў шэрагу нападаў на будынкі і падпалы. У прыватнасці, гаворка ішла пра несанкцыяваную антываенную акцыю каля Мінабароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю амбасады Расіі ў Менску і турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.

Праваабаронцы лічаць прысуд Мікалаю Дзядку і іншым асуджаным па гэтай справе палітычна матываваным. Яны прызналі Дзядка палітзняволеным. Хлопец мусіў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года, адбыўшы пакаранне ў чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. Цяпер яму пагражае дадаткова 1 год пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі