Вы тут

Палітвязня Мікалая Дзядка пакаралі штрафным ізалятарам

Мікалай Дзядок / Еўрарадыё

Палітвязень Мікалай Дзядок правёў дзевяць сутак у штрафным ізалятары. Пра гэта стала вядома з ліста актывіста, распавядаюць праваабаронцы.

"Пазаўчора выйшаў з ШІЗА. У прагулачным дворыку спытаў у суседняй камеры, калі ў нас бібліятэка, – 6 сутак, потым дадалі яшчэ 3 за аналагічнае парушэнне", — піша Мікалай.

Нагадаем, у канцы сакавіка Дзядка перавялі з калоніі ў турму. У ПКТ ён павінен правесці 4 месяца. Турмой яго пакаралі за адмову хадзіць на працу — Дзядок такім чынам пратэставаў супраць пазбаўлення яго перапіскі і пераследу іншых асуджаных, якія спрабавалі з ім камунікаваць. Па словах праваабаронцаў, адміністрацыя калоніі працягвае знішчыць лісты, якія прыходзяць на імя Мікалая.

Мікалай Дзядок — блогер і актывіст анархісцкага руху. Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года, пры затрыманні моцна збілі. Праз год — у лістападзе 2021 — яго прысудзілі да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму, абвінавачвалі па трох артыкулах: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх (арт. 342); у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (арт. 361); а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт.295-3). 

Дзядок не прызнаў віну ні па адным з прад'яўленых яму абвінавачванняў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.