На новым судзе палітвязень Уладзімір Гундар не дае паказанняў, паведамляе ТГ-канал "Позірк". Мужчыну судзяць трэці раз.
Па словах яго жонкі Алены, суд прайшоў 31 студзеня і 1 лютага. Судзяць Гундара паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Яго вінавацяць у абразе пракурора Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачанне на працэсе па "справе Аўтуховіча".
Прысуд вынесуць толькі пасля разгляду апеляцыі па мінулай справе, таму новых пасяджэнняў пакуль не будзе, кажа жонка палітвязня.
Уладзімір Гундар мае інваліднасць. Яго ўжо двойчы судзілі па палітычных справах. Па "справе Аўтуховіча" яго прысудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам. А раней тры гады калоніі яму прысудзілі па абвінавачванні ў "гвалце ў дачыненні да службовай асобы".