Палітолаг Лагвінец беларусізаваў Акрэсціна, цяпер на чарзе падаткавікі

Мінскі палітолаг Алесь Лагвінец заняўся беларусізацыяй бланкаў розных дзяржаўных установаў. Спачатку ён наведаў ізалятар на Акрэсціна, куды збіраўся занесці перадачы для затрыманых прадпрымальнікаў і актывістаў. Аднак яго заяву, напісаную па-беларуску, не прынялі, бо яна “не адпавядала ўстаноўленай форме”.

Тады Лагвінец сасканаваў рускамоўны бланк і дакладна пераклаў тэкст, раздрукаваў. Вось што распавёў Еўрарадыё Алесь Лагвінец пра тое, што было далей:

“Я прапанаваў службоўцам, якія там былі, пакінуць некалькі дзесяткаў раздрукаваных мною аркушоў з заявай на беларускай мове. Яны спачатку крышку павагаліся, уважліва прачыталі тэкст, каб там не было, як яны сказалі, нейкіх “апазіцыйных хітрыкаў”, і потым пагадзіліся”.

Лагвінец мяркуе, што варта было б падрыхтаваць беларускамоўныя бланкі для ўсіх дзяржаўных установаў. Паводле яго, у ідэале магла б паўстаць электронная база дадзеных такіх узораў бланкаў. Толькі вось, хто возьмецца за гэтую справу?

Аднак і сам Алесь Лагвінец не збіраецца спыняць сваю працу ў якасці “перакладчыка”:

“Гэта толькі пачатак. Я вось на днях пайду ў падатковую інспекцыю. Вядома, што бланкі падатковых дэкларацый прадаюцца нават, і немагчыма іх знайсці на сайце Міністэрства па падатках і зборах. То я проста набуду адзін камплект гэтых бланкаў і, сасканаваўшы, перакладу на беларускую мову і вывешу для агульнага доступу. Вось такая будзе беларусізацыя”.

Беларускамоўны бланк заявы для перадачы на Акрэсціна можна скачаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі