Паліну Шарэнда-Панасюк маглі збіць у СІЗА — родныя палітзняволенай

Паліна Шарэнда-Панасюк / Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Паліна Шарэнда-Панасюк / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк маглі збіць суседкі па камеры. Гэта адбылося ў СІЗА перад адпраўкай на псіхіятрычную экспертызу ў клініку "Навінкі", піша Радыё Свабода са спасылкай на мужа Паліны Андрэя Шарэнду. Паводле яго слоў, гэта магла быць правакацыя.

"Гэта адбылося яшчэ ў пачатку чэрвеня, перад этапам у Навінкі. Пра збіццё праваабаронцам "Вясны" паведаміла дзяўчына, якая перасякаліся з ёй на "Валадарцы" [СІЗА на вуліцы Валадарскага. — Еўрарадыё], яшчэ да таго, як адтуль Паліну перавялі ў Навінкі", — расказвае Андрэй. Суразмоўніца праваабаронцаў расказала, што пасля той гісторыі Паліна трапіла ў бальніцу.

"А гэтая інфармацыя якраз супадае з маімі ранейшымі звесткамі, што перад этапам Паліну змяшчалі ў бальніцу. Цяпер спрабую высветліць падрабязнасці", — кажа Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў зняволенні са студзеня 2021-га. Яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянтаў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі". Мінулым летам ёй прызначылі 2 гады калоніі агульнага рэжыму. А ў красавіку 2022-га дадалі яшчэ адзін год калоніі за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Пазней на яе завялі яшчэ адну справу па гэтым артыкуле.

У траўні Паліна заявіла, што збіраецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Так яна пратэставала супраць катаванняў. Пасля гэтага яе адправілі на псіхіятрычную экспертызу. У пачатку ліпеня стала вядома, што Паліну этапавалі назад у мінскае СІЗА №1.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі