Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла закон аб барацьбе з Расіяй

Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла закон аб барацьбе з Расіяй

Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША пераважнай большасцю галасоў прыняла закон, які фактычна залічвае Расію разам з Іранам і Паўночнай Карэяй у шэрагі знешнепалітычных праціўнікаў ЗША. Гэты ж закон забараняе прэзідэнту Дональду Трампу аднаасобна адмяняць санкцыі супраць Расійскай Федэрацыі, перадае Бі-Бі-Сі.

Дакумент складаецца з 184 старонак, і прыкладна палова з іх прысвячаецца Расіі. Амерыканскія палітыкі абвінавачваюць Маскву ў дзеяннях супраць Украіны, замаху на кібербяспеку ЗША ды іншых краін і спробы паўплываць на вынік выбараў, падтрымку Башара Асада ў Сірыі, карупцыю, парушэнне правоў чалавека ды іншае.

Галоўнае ў новым законе — тое, што прэзідэнт не мае магчымасці адмяняць санкцыі супраць Расіі без дазволу парламента. Нагодай для гэтага закона сталі туманныя заявы Трампа пра гатоўнасць наладзіць адносіны з Расіяй, заключыўшы з Уладзімірам Пуціным нейкую "добрую здзелку". Акрамя таго, на настроі амерыканскіх палітыкаў паўплывалі звесткі спецслужбаў, якія вінавацяць Расію ва ўзломе камп'ютараў Дэмакратычнай партыі і спробах паўплываць на вынік выбараў. 

Разам з тым паведамляецца, што закон не ўводзіць ніякіх новых санкцый супраць РФ і не абавязвае прэзідэнта ЗША іх уводзіць.

Законапраект мусіць яшчэ прайсці галасаванне ў сенаце ЗША, а потым прэзідэнту Трампу трэба будзе вырашаць, падпісваць яго ці накласці на яго вета.

Палітыкі і эксперты мяркуюць, што сенат прыме закон, ужо ўзгоднены абедзвюма партыямі. Трамп і яго адміністрацыя доўгі час супраціўляліся прыняццю гэтага закона. Але ў нядзелю новы прэс-сакратар Белага дома Сара Хакабі Сандэрс паведаміла пра змену курсу Белага Дома. 

"Адміністрацыя падтрымлівае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі. Асабліва ў частцы прымянення санкцый. Першапачатковы варыянт закона быў дрэнна напісаны, але мы папрацавалі разам з Палатай прадстаўнікоў і сенатам, адміністрацыя задаволеная гэтым супрацоўніцтвам і унесенымі папраўкамі, і мы падтрымліваем законапраект у цяперашнім выглядзе", — заявіла яна.

Закон прадугледжвае магчымасць увядзення новых санкцый супраць інвестараў з любой краіны за ўдзел ў збудаванні расійскіх экспартных трубаправодаў. У раздзеле аб забеспячэнні энергетычнай бяспекі Украіны гаворыцца пра неабходнасць супрацьдзейнічаць будаўніцтву газаправода "Паўночны паток-2" з Расіі па дне Балтыйскага мора ў Нямеччыну. Магчымасць санкцыяў супраць еўрапейскіх кампаній, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце, вельмі ўстурбавала Еўрасаюз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі