Вы тут

Пакуль не трэба нічога разумець: як "Нафтан" паспяхова працуе пад санкцыямі ЗША

Расійская нафта пастаўляецца ў Беларусь па дружбе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Амаль шэсць месяцаў беларускі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" працягвае працаваць, знаходзячыся пад санкцыямі ЗША. Як гэта адбываецца? Разумець "пакуль не трэба", кажа Аляксандр Цішчанка, на той момант — прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім".

Каб "Нафтан" працаваў, патрэбны рэгулярныя пастаўкі нафты. Тыя, хто забяспечвае іх, трапяць пад "другасныя санкцыі" Белага дома. Улады Беларусі і Расіі знайшлі просты выхад з гэтай сітуацыі: схавалі звесткі пра пастаўкі.

Расследаванне Еўрарадыё паказала, што, нягледзячы на санкцыі, сыравіны заводу хапае. Пры гэтым, насуперак усім размовам, у Мінска не атрымалася наладзіць сур'ёзныя пастаўкі нафты не з Расіі. У выніку тут адно з двух. Альбо ўпотай ад усіх Беларусь ператварылася ў нафтавую дзяржаву, рэзка нарасціўшы аб'ёмы нафтаздабычы. Альбо Мінск і Масква спадзяюцца на тое, што Мінфін ЗША не разбярэцца ў схемах, па якіх нафта льецца на "Нафтан", а санкцыйныя нафтапрадукты з яго трапляюць у еўрапейскія парты.

 

Санкцыі нікога не палохаюць

Самым вялікім рынкам збыту беларускіх нафтапрадуктаў застаецца Украіна. Летась туды пайшло 45,2% нафтапрадуктаў у вартасным выражэнні, або 37,5% фізічнага экспарту. Украіна прынесла Беларусі 86% выручкі ад рэалізацыі бітуму і 88% ад продажаў нафтавых газаў (у статыстыцы гэтыя пазіцыі лічацца асобна ад нафтапрадуктаў).

Санкцыі з боку ЗША тут нікога не палохаюць. Укрстат падлічыў, што экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паліва ва Украіну за восем месяцаў 2021 года вырас амаль у два разы — на 87,7%. Па звестках украінскай "Кансалтынгавай групы А-95", пастаўкі з "Нафтана" на ўкраінскі рынак у некаторыя месяцы пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый нават вышэйшыя, чым да іх:

Пастаўкі Наваполацкага НПЗ ва Украіну / А-95

Пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну займаюцца дзяржаўныя спецэкспарцёры "БНК-Украіна"(дачка Беларускай нафтавай кампаніі) і Новая нафтавая кампанія. На сайце "БНК-Украіна" ёсць спіс прадукцыі, якая рэалізуецца. Ён абнаўляецца некалькі разоў на месяц. З моманту аднаўлення амерыканскіх санкцый з яго ні разу не знікаў "Нафтан":

Прапанаванне прадукцыі на сайце "БНК-Украіна" ў кастрычніку / Еўрарадыё

Праз Расію — у Еўропу

За 7 месяцаў 2021 года Беларуская чыгунка даставіла ў Расію ў 5 разоў больш нафтапрадуктаў, чым за студзень — ліпень 2020 года. Нязначная частка з гэтых 1,2 млн тон паліва трапіла на расійскія запраўкі, астатняе адправілася на прэміяльны еўрапейскі рынак.

Беларусі выгадна гандляваць палівам з Еўропай: там яно даражэйшае, чым у Расіі. Работнік "Нафтана", з якім у Еўрарадыё атрымалася звязацца праз Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, расказаў, што як мінімум у чэрвені нафтапрадукты з "Нафтана" ішлі праз парты Усць-Луга і Санкт-Пецярбург у Нідэрланды. Яшчэ частка — праз эстонскі тэрмінал Liwathon E.O.S. для адпраўкі на Мальту.

— Уласнік грузу — Новая нафтавая кампанія, — дадала крыніца.

Нідэрланды і Мальта — транзітныя хабы, з якіх нафтапрадукты ідуць у розныя краіны свету. Большая частка беларускага экспарту ў гэтыя краіны праходзіць па "схаваных пазіцыях": мы бачым агульную суму, але не ведаем, чым канкрэтна гандлявала з імі Беларусь.

Напрыклад, экспарт у Нідэрланды за восем месяцаў 2021 года вырас у два разы ў параўнанні з усім 2020 годам і склаў $1,49 млрд. Але па "адкрытых пазіцыях" праходзяць усяго $180 млн. Падобная карціна з Мальтай: за восем месяцаў 2021 года беларускі экспарт туды склаў $20,8 млн. Па адкрытых пазіцыях праходзіць толькі 0,16% тавараў.

У "закрытыя" пазіцыі традыцыйна ўваходзяць тытунь (з сярэдзіны 2010-х), зброя і каштоўныя металы, а з 2021 года — яшчэ і калійныя ўгнаенні і ўсё, што звязана з энергетыкай. Калі глядзець па мінулым годзе, з усяго аб'ёму экспарту ў Нідэрланды доля хларыду калію была мізэрная. А вось доля нафтапрадуктаў складала 53%.

А экспарт у Мальту за апошнія 10 гадоў выглядае так:

Экспарт у Мальту / звесткі Белстата

Пастаўкі ў пікавых 2013 і 2018 гадах практычна на 100% складаліся з "іншых дыстылятаў і прадуктаў". Гэта значыць, з прадуктаў нафтаперапрацоўкі.
 

Гэта што за экспарцёр?

Новай нафтавай кампаніяй на 75% валодае бізнесмен Мікалай Варабей, якога ў прэсе часта называюць "кашальком Лукашэнкі". ННК заснаваная летась. Тады ніхто не хаваў, што яна будзе рэалізоўваць прадукцыю "Нафтана".

Скрыншот з сайта BelKazTrans Ukraine. Цяпер belkaztrans.com перастаў працаваць / Еўрарадыё

І Новая нафтавая кампанія, і BelKazTrans Ukraine уваходзяць у санкцыйны спіс Мінфіна ЗША. Усім, хто супрацоўнічае з прадпрыемствамі з блэкліста, пагражаюць "другасныя санкцыі": ЗША абяцае заблакаваць для іх разлікі ў доларах. А гэта паралізуе працу любога, хто зарабляе на трансгранічным гандлі. Але ўдзельнікі ўкраінскага рынку не збіраюцца спыняць гандаль да таго часу, пакуль санкцыі не стануць ціснуць на іх наўпрост.
 

"Рынак працуе"

Такім чынам, Беларусь нарасціла экспарт у краіны, куды раней у асноўным пастаўляла прадукты нафтаперапрацоўкі. Гэта магло быць зроблена за кошт скарачэння паставак на ўнутраны рынак. Але ў Беларусі дэфіцыту паліва не назіраецца.

Значыць, беларускія НПЗ (іх два: у Наваполацку ("Нафтан") і ў Мазыры) не адчуваюць нястачы сыравіны. Загрузка дазваляе адгружаць паліва і на беларускія запраўкі, і ў еўрапейскія парты. А гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра тое, што, нягледзячы на пагрозу санкцый, расійскія кампаніі не спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь.

У верасні мы паспрабавалі спытаць пра гэта ў прэс-сакратара "Белнафтахіма" Аляксандра Цішчанкі.

Еўрарадыё: Экспарт нафтапрадуктаў ва Украіну расце. За кошт чаго?

Аляксандр Цішчанка: Рынак працуе так.

Еўрарадыё: Разумею, што рынак можа так працаваць. Але што гэта значыць?

А. Ц.: Не буду вам нічога расказваць пакуль па гэтым моманце. Проста так працуе рынак.

Еўрарадыё: "Транснафта" кажа, што "Нафтан" не падаваў заяўкі на пастаўкі нафты з Расіі ў трэцім квартале. Але "Нафтан" працягвае экспартаваць ва Украіну. На якой сыравіне тады працуе "Нафтан"?

А. Ц.: Рынак працуе.

Еўрарадыё: Які рынак?

А. Ц.: Сусветны.

Еўрарадыё: Але нічога не зразумела.

А. Ц.: Пакуль і не трэба.

Еўрарадыё: А калі вам можна будзе набраць і ўдакладніць гэты момант?

А. Ц.: Цяжка сказаць, калі гэта можна будзе ўдакладніць.

Нягледзячы на ўсе спробы, у Мінска не атрымалася наладзіць сур'ёзныя пастаўкі нафты ні з Казахстана, ні з Венесуэлы, ні з ЗША. У лютым 2020 года дзяржсакратар Майк Пампеа асабіста паабяцаў Аляксандру Лукашэнку "забяспечыць Беларусь нафтай на 100%". Нават з гэтага нічога не выйшла.

Сур'ёзнае супрацоўніцтва атрымалася хіба што з Азербайджанам. У 2021 годзе азербайджанскі экспарт у Беларусь — $235,2 млн. Закупкі па адкрытых пазіцыях — толькі на $7,7 млн. Выходзіць, Азербайджан прадаваў Беларусі ўсяго каля 400 тысяч тон нафты. Нават калі б уся яна пайшла на "Нафтан" — заводу гэтага не хапіла б нават на месяц працы з загрузкай, блізкай да аптымальнай.

 

Нафтавая дзяржава

Можа быць, Беларусь употай ад усіх рэзка нарасціла здабычу нафты ўнутры краіны і стала нафтавай дзяржавай? Гэта наўрад. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зноў даручыў знайсці ў Беларусі "нейкае мора нафты". Усё яшчэ шукаюць.

Штогод Беларусь здабывае 1,6-1,7 млн тон нафты. За апошнія пяць гадоў аб'ём здабычы практычна не мяняецца. Амаль усю гэтую нафту Беларусь прадае Германіі. Толькі летась каля 500 тысяч тон пакінула ў сябе. Магчыма, праз перабоі паставак расійскай нафты ў пачатку 2020 года.

Вытворчасць, імпарт і экспарт нафты / звесткі Белстата

Мяркуючы па звестках за студзень — жнівень 2021 года, Беларусь працягвае прадаваць сваю нафту Германіі. Да беларускіх НПЗ яна не даходзіць. Магчыма, у тым ліку і таму, што ў ёй там няма неабходнасці: ёсць іншыя крыніцы паставак.
 

Хто застаўся на трубе

Паводле звестак Refinitiv, да санкцый 95% расійскай нафты паступала ў Беларусь "па трубе" — нафтаправодзе "Дружба", якім распараджаецца кампанія"Транснафта". Яшчэ 5% — пастаўкі па чыгунцы. Калі б расійскія кампаніі баяліся санкцый, пастаўкі на "Нафтан" зніклі б.

І спачатку яны рабілі выгляд, што санкцыі для іх нешта значаць. Напрыклад, прэс-сакратар "Транснафты" Ігар Дзёмін заявіў, што ў другім паўгоддзі 2021 года кампанія не пастаўляла і не будзе пастаўляць сыравіну на "Нафтан". А калі ідэолаг з "Нафтана" Сяргей Яўтушык выпадкова прагаварыўся: маўляў, у трэцім квартале "Транснафта" паставіць на беларускае прадпрыемства 2 млн тон нафты — Дзёмін з'едліва яго асадзіў. Маўляў, "са здзіўленнем" азнаёміўся з гэтымі заявамі.

Здзівіцца Дзёмін мог хіба што гаварлівасці супрацоўнікаў "Нафтана". Бо тое, што пастаўкі сыравіны на прадпрыемства не скараціліся, агучвае не толькі Яўтушык. "Нашы асноўныя задачы нязменныя. Гэта прыём сыравіны трубаправодным і чыгуначным транспартам... Штомесяц цэх прымае больш за 700 тысяч тон сыравіны і адгружае больш за 20 тысяч тон у суткі", — адкрыта гаворыць з галіновым выданнем "Вестник Нафтана" (№28 ад 17 ліпеня) інжынер па аўтаматызацыі Яўген Рыбнікаў. Крыніца Еўрарадыё пацвярджае, што ў канцы чэрвеня загрузка завода была прыкладна такой, пра якую расказаў інжынер.

Ва Унечы "Дружба" разгаліноўваецца. Перамычка "Гомель — Горкі" яшчэ будуецца / belchemoil.by

Не вельмі сакрэтна: пастаўкі нафты з Расіі растуць

Акрамя Белстата і "Транснафты", звесткі па нафтанцы схавалі ЕЭК і Цэнтральнае дыспетчарскае ўпраўленне ПЭК пры Мінэнерга Расіі. З ягоных публікацый зусім знік пункт "Пастаўка нафты з Расіі ў Беларусь".

Гадавая справаздача ЦДУ ПЭК каштуе $2,5 тысячы, але інфармацыя пра Беларусь хаваецца / ЦДУ ПЭК Расіі

Еўрарадыё ўсё ж вылічыла прыкладныя аб'ёмы паставак нафты з Расіі ў Беларусь. Мы грунтаваліся на звестках за 2020 год і ўрыўкавых лічбах па гэтым годзе.

У 2020 годзе экспарт з Расіі ў Беларусь па "закрытых" пазіцыях склаў усяго 2,2%. Інакш кажучы, схавана не было амаль нічога. Сёлета "закрытымі" сталіся і газ, і нафта, і электраэнергія, і калійныя ўгнаенні. Але Беларусь не купляе ў Расіі хлорысты калій і практычна не імпартуе адтуль электраэнергію. Гэта значыць, практычна ўсё, што з "адкрытых" стала "закрытымі" пазіцыямі, гэта нафта і газ.

Больш поўна аналізаваць імпарт у 2021 годзе можна да чэрвеня, паколькі звесткі па пастаўках нафты захаваліся ў статыстыцы ЕЭК. Напрыклад, у студзені 2021 года Беларусь выдаткавала на імпарт з Расіі $1 млрд 352 млн. З іх на тавары па адкрытых пазіцыях пайшло $556 млн. Яшчэ $486 млн — кошт нафты.

Застаецца яшчэ $310 млн, выдаткаваных на іншыя пазіцыі, "закрытыя" ў студзені. Мяркуючы па структуры імпарту мінулага года, гэта ў асноўным газ і іншыя засакрэчаныя тавары. На працягу студзеня — траўня такога "закрытага" імпарту кожны месяц было на $310–$450 млн.

Пасля траўня і звесткі ў ЕЭК па кошце нафты абрываюцца. Затое, калі цяпер адняць ад агульнага імпарту адкрытыя пазіцыі і $310–$450 млн, то застануцца сумы, супастаўныя з тымі, што Беларусь раней выдаткоўвала на нафту. Прычым па некаторых месяцах яны нават большыя, чым у дасанкцыйны час.

У чэрвені — жніўні Беларусь плаціла за газ і іншыя схаваныя пазіцыі па $380 млн — гэта ўсярэдненая сума па звестках за папярэднія месяцы / Еўрарадыё

У траўні Беларусь закупіла ў Расіі 0,92 млн тон нафты, а потым стабільна купляла больш за 1 млн тон у месяц. Да ліпеня кошт Urals, на якой і працуюць беларускія НПЗ, павялічыўся на 9%. А ліпеньскія выдаткі на нафту выраслі прыкладна на траціну.

Крэйсерская магутнасць Мазырскага НПЗ, які не знаходзіцца пад санкцыямі, — 1 млн тон у месяц. Да таго ж летам ён зачыняўся на рамонт. Выходзіць, у чэрвені — жніўні Беларусь закупляла ў Расіі нафту з разлікам на "Нафтан".

 

Схемы ад старых сяброў

Да 2021 года найбуйнейшымі пастаўшчыкамі нафты на "Нафтан" былі "Раснафта", "Сургутнафтагаз", "Татнафта", "Башнафта" і "Руснафта". Паводле звестак Refinitiv, з траўня ўсе гэтыя кампаніі, акрамя "Раснафты", спынілі пастаўкі ў Беларусь. А "Раснафта" не спыніла таму, што забяспечвае сыравінай Мазырскі НПЗ — афіцыйна сітуацыя выглядае менавіта так.

Пастаўшчыкі нафты ў Беларусь / Refinitiv

У траўні, калі санкцыі былі агучаныя, але яшчэ не набылі моц, Еўрарадыё адправіла афіцыйныя запыты ўсім расійскім кампаніям, якія пастаўлялі нафту ў Беларусь. Адказаў толькі "Сургутнафтагаз":

— "Нафтан" — наш пастаянны партнёр. Астатняе, тое, што цяпер адбываецца [санкцыі ЗША. — Еўрарадыё], кампанія пакідае без каментароў.

Пасля нашага расследавання відавочна, што пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь і, у прыватнасці, на "Нафтан" не спыняюцца. Эксперты нафтагазавага рынку схіляюцца да таго, што ў пастаўках на Наваполацкі НПЗ з'явіліся "шэрыя" схемы. Магчыма, непасрэдна з беларускім прадпрыемствам працуюць расійскія кампаніі-пракладкі, якія не баяцца трапіць пад санкцыі.

Гэтую версію пацвердзіў нам яшчэ адзін работнік Наваполацкага НПЗ, з якім мы звязаліся праз НАУ напярэдадні публікацыі:

— Нафта ідзе на завод з Расіі па нафтаправодзе. Ідзе праз фірмы-пракладкі. На тэрыторыі Расіі перад мяжой з Беларуссю труба падзяляецца на Мазыр і Наваполацк. Таму "Транснафта" ў курсе. Больш разгорнута пакуль адказаць складана, таму што фірмы-пракладкі мянялі. "Нафтан" пастаўляе на ўнутраны рынак і трохі ва Украіну, — расказаў ён.

Мы яшчэ раз накіравалі запыты ўсім нафтавым кампаніям, якія раней пастаўлялі нафту на "Нафтан" і на Мазырскі НПЗ, але адказаў пакуль не атрымалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.