Вы тут

"Пакрыўджаныя" і "Забароненыя": як тэатры Чэхіі падтрымліваюць беларускі пратэст

"Emergency Briefing" у Нацыянальным тэатры / Марцін Шпелда

Жорсткае задушэнне негвалтоўных пратэстаў, на якія беларускія грамадзяне выйшлі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, выклікала хвалю салідарнасці за мяжой. У тым ліку і ў Чэхіі, якая ў 1989 годзе прайшла сваю "Аксамітную рэвалюцыю". У жніўні тут часта параўноўвалі беларускія пратэсты з тымі падзеямі 30-гадовай даўніны. Але цяпер ясна, што Беларусь ідзе па значна больш цяжкім і горкім шляху.

У канцы 1980-х тэатралы адыгралі важную ролю ў крытычных падзеях таго часу. Цяпер чэшская тэатральная сцэна з трывогай сочыць за развіццём пратэстаў у Беларусі, у тым ліку і за ўдзелам артыстаў і дзеячаў культуры ў гэтых пратэстах.

Svět a divadlo ("Свет і тэатр", скарочана "SAD"), адзін з вядучых чэшскіх тэатральных часопісаў, піша пра беларускія тэатральныя праекты з пачатку 1990-х гадоў. Рэдакцыйная актыўнасць у гэтай галіне ўзрасла з 2007 года, калі "SAD" апублікаваў тэкст, які апісвае працу "Беларускага свабоднага тэатра". А ў апошнім выданні "SAD" была апублікавана новая п'еса Андрэя Курэйчыка "Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)", напісаная ў жніўні — верасні 2020 года. Пасля гэтага тэатр "Злін" выпусціў радыёпастаноўку "Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)", а ў рамках фестывалю сучаснага мастацтва "4+4 дні ў руху" адбылося чытанне п'есы.

Чытанне п'есы Андрэя Курэйчыка "Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)" / Маркета Чэрна

П'еса як хуткая тэатральная дапамога

П'еса Курэйчыка пацвярджае меркаванне галоўнага рэдактара "SAD" Карэла Крала пра тое, што "палітыка ёсць найважнейшая тэма для тэатра, паколькі па сваёй сутнасці тэатр — гэта мастацтва [...] сацыяльна-палітычнае, бо тэатр — гэта заўсёды сустрэча людзей, а значыць, сацыяльная дзейнасць, жыццё грамадства і палітыка ўзаемазвязаныя". П'еса была напісана гэтаксама хутка, як цяпер перакладзена і пастаўлена. Асноўнымі прычынамі гэтага ў Чэхіі лічаць не столькі яе мастацкія якасці, колькі ролю ў падтрымцы пратэставых намаганняў. Паказы можна разумець як спецыфічны від дапамогі, які павышае паінфармаванасць пра беларускія праблемы за межамі Беларусі.

У верасні пражскі тэатр "X10" даў сваю сцэну беларускім артыстам. У рамках тэатральнага фестывалю ў горадзе Кутна-Гора ("DFKH") праходзілі дыскусіі і чытанні двух беларускіх пісьменнікаў: Юліі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча. Яны не ўваходзілі ў першапачатковую праграму, іх удзел быў арганізаваны ў апошні момант.

Пад кіраўніцтвам Евы Зембак, тэатр "X10" і "DFKH" рыхтуе больш глыбокае паглыбленне ў сучасную тэатральную сцэну Беларусі на 2021 год. Там павінны быць тэхнічна больш складаныя праекты, чым чытанне. Для Зембак і яе калег сацыяльна-палітычная роля тэатра ёсць ключавой. Як яна сама кажа, "у тэатра ёсць шмат інструментаў, з дапамогай якіх ён можа і павінен падключацца, таму што ён здольны фармаваць мысленне людзей і ўдзельнічаць у стварэнні грамадства, у якім мы жывём". Яна ўспрымае тэатр як "культурны інстытут з сацыяльнай дасяжнасцю", магчымасці і абавязкі якога выходзяць за рамкі простай пастаноўкі п'ес.

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева / Дзіта Гаўранкова

Хто галоўны адрасат паштоўкі ў турму?

Для сітуацый, у якіх неабходна хуткая рэакцыя на палітычныя крызісы, драматычны ансамбль Нацыянальнага тэатра (ND) на чале з Мартай Любковай арганізаваў серыю дыскусійных сустрэч "Emergency Briefings". Сустрэчы пра сітуацыю ў Венгрыі і ў Сірыі адбыліся, а пра Беларусь — не, праз каранавірус. Але ў драматычнага ансамбля атрымалася прасунуць праект "Беларускага свабоднага тэатра" "Я з забароненымі" пра адсылку паштовак палітвязням у Беларусі.

Дзіўна, але асноўны ўнёсак гэтай формы дапамогі не звязаны з узняццем духу зняволеных. Паколькі цэнзары правяраюць і часта канфіскуюць паштоўкі, на самай справе менавіта яны галоўныя адрасаты паведамленняў. Значэнне паштовак, такім чынам, хутчэй, падрыўное, чым дапаможнае, і яны нацэлены на сумленне тых, хто ўтрымлівае зняволеных у турме.

Марта Любкова лічыць, што тэатральная падтрымка, нароўні з непасрэднай фінансавай дапамогай, больш карысная, чым іншыя праявы салідарнасці, такія як вывешванне сцягоў або афіцыйныя заявы. Для Любковай, гэтаксама як і для Зембак, мастацкае ўздзеянне тэатра мае важнае значэнне. І як яна сцвярджае, Нацыянальны тэатр павінен задаць сабе пытанне, каго ён прадстаўляе і што такое нацыя. Яна лічыць, што Нацыянальны тэатр павінен выйсці за межы сваёй элітнай пазіцыі і стаць апорай для супольнасці і месцам сустрэч.

Чэшская тэатральная сцэна не дыстанцуецца ад палітыкі. Наадварот, яна актыўна спрабуе знайсці спосабы, каб дапамагчы падчас крызісу, ці гэта будзе ў межах яе творчай дзейнасці або па-за ёй.

Падзякі: Павел Шторак, Івона Крэйзманава, Інга З. Мікшына, Карэл Крал, Ева Зембак, Марта Любкова, Крысціна Клімяшова, Марціна Пецкова-Чэрна.

Тэкст: Антанін Брында

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.