Падчас аблавы ў Гомелі затрымалі як мінімум восем чалавек

Затрыманыя жыхары Гомеля / кадр з відэа ГУБАЗіКа
Затрыманыя жыхары Гомеля / кадр з відэа ГУБАЗіКа

Падчас чарговай аблавы ў Гомелі ГУБАЗіК затрымаў як мінімум восем чалавек, піша "Наша Ніва".

Сілавікі паказалі на відэа ў сваім канале восем чалавек. Частку затрымалі за падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы, а іншых, як выглядае, маглі затрымаць нават не за "палітыку". Прычым даты затрыманняў не паведамляюцца.

Сярод затрыманых — 23-гадовая Аліна Галінская. Дзяўчына кажа, што раней была падпісаная на "экстрэмісцкія" каналы і пакідала там каментары. За падпіску на "экстрэмістаў" затрымалі і 67-гадовага гамельчука Ігара Лісоўскага.

За што затрымалі 20-гадовага Марка Лебянка, не зусім ясна: хлопец кажа, што не мае "экстрэмісцкіх" падпісак. Як адзначае НН, у яго зусім не "палітычныя" сацсеткі. А на адным фота "Вконтакте" ён увогуле стаіць на ўрачыстай лінейцы "Гомсельмаша" побач з чырвона-зялёным сцягам.

Яшчэ двое затрыманых кажуць, што былі падпісаныя даўней на "экстрэмісцкія" каналы. Аднаго гамельчука затрымалі за татуіроўку з вядомым тэкстам пра копаў. Таксама адзін з мужчын кажа у відэароліку, што быў судзімы за крадзеж магнітолы, але незразумела, за што яго затрымалі цяпер.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі