Пацалаваць журналістку ў жывым эфіры: жарт ці харасмент?

Пацалаваць журналістку ў жывым эфіры: жарт ці харасмент?

Традыцыя кпіць з журналістаў і асабліва журналістак, якія, стоячы перад камерай, спрабуюць запісаць некалькі словаў на месцы падзеяў, — старая, як само тэлебачанне. Мінакі забягаюць у кадр, крычаць, спяваюць, перадаюць прывітанні сваякам... А часцей за ўсё лезуць да рэпарцёрак з пацалункамі.


Адным з галоўных скандалаў ЧС-2018 стаў выпадак з журналісткай Deutsche Welle. Проста ў жывым эфіры ў кадр да яе залез мажны мужчына. Ён абняў журналістку, пры гэтым памацаўшы за грудзі, пацалаваў і з крыкамі “Россия — чемпион” знік у натоўпе. 
 

Журналістка моцна пакрыўдзілася. Deutsche Welle пакрыўдзілася таксама. Але гісторыя так бы і скончылася, калі б заўзятар Руслан, даведаўшыся, што цяпер увесь свет лічыць яго гвалтаўніком, сам не прыйшоў у маскоўскі офіс радыёстанцыі, каб звязацца з журналісткай і папрасіць прабачэння. Журналістка плакала, але прабачэнні прыняла. Окей, паспрабуем і мы зразумець і прабачыць.

Шмат гадоў журналісткі спрабавалі ставіцца да заляцанняў як да няўдалых жартаў ці спісваць іх на спецыфіку працы. Але на хвалі пераасэнсавання таго, як трэба ставіцца да жанчыны, што пачалася ў Галівудзе з расследавання супраць прадзюсара Харві Вайнштэйна, і тэлевізійніцы знайшлі сілы заявіць адкрыта: гэта харасмент, не трэба так!


На жаль, прабачэннямі і замірэннем такія гісторыі не заканчваюцца амаль ніколі. Большасць журналістак-ахвяраў так і застаецца жыць са сваім болем і крыўдай.
Але бываюць і выпадкі, калі “жартаўнікоў” караюць. Год таму арганізатары адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе адмовілі ў акрэдытацыі тэнісісту Максіму Хаму. Прычына — хамскія паводзіны і спробы пацалаваць журналістку падчас інтэрв’ю. 
 

Магчыма, хлопец проста спрабаваў дамагчыся славы Ікера Касільяса. Той яшчэ ў 2010 годзе смачна пацалаваў журналістку ў жывым эфіры і назбіраў мільёны праглядаў на Youtube. У такім выпадку гора-тэнісіст не ўлічыў адзін важны нюанс: карэспандэнтка Сара Карбанера насамрэч была дзяўчынай Касільяса.

Калі абараніць годнасць дзяўчыны няма каму, даводзіцца рабіць гэта самой, як мексіканская журналістка Марыя Фернанда Мора. Карэспандэнтка рабіла рэпартаж са стадыёна, калі яе атачылі фанаты, пачалі спяваць і танчыць, а адзін, скарыстаўшыся сітуацыяй, двойчы паспрабаваў памацаць яе за азадак.


Журналістка не збянтэжылася, а павярнулася да крыўдзіцеля і некалькі разоў ударыла яго мікрафонам. 
 

У краінах Лацінскай Амерыкі з павагай да журналістак увогуле бяда. Бразільскім спартовым журналісткам нават давялося стварыць рух супраць фанацкага харасменту. Удзельніцы руху запісалі відэа, у якім яны шчыра распавядаюць, як няёмка адчуваюць сябе падчас заляцанняў фанатаў, і просяць так не рабіць.

Як жартаваць, але не пераходзіць межаў? Павучыцца ў ірландскіх фанаў. Гэтыя хлопцы вядомыя на ўвесь свет сваёй любоўю да дзяўчат і спеваў.

Вось у Францыі яны спяваюць для дзяўчыны з паліцыі.

А тут яны сустрэлі прыгожую бландзінку, атачылі яе і спяваюць для яе серэнаду.

Ніхто з гэтых дзяўчат не скардзіўся на харасмент, бо ірландскія фанаты ўмеюць паводзіць сябе па-сяброўску, дэманстраваць сваю ўвагу і пры гэтым не толькі не чапаць дзяўчат, але нават не падыходзіць да іх занадта блізка (не бліжэй за метр, запомніце раз і назаўсёды).


Будзьце выхаванымі і паважлівымі не толькі да журналістак, але і да ўсіх дзяўчат вакол вас. І цалкам магчыма, што тады самая прыгожая з іх сама захоча вас пацалаваць! 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі