Вы тут

Пабыць масоўкай — не дыялог: ці пойдзе апазіцыя на Усебеларускі народны сход

Фота масоўкі носіць ілюстрацыйны характар 

Менш за месяц заcтаецца да VI Усебеларускага народнага сходу. І чым бліжэй дата правядзення, тым больш чутак пра яго ходзіць. Самая свежая — запрасіць туды збіраюцца і прадстаўнікоў апазіцыі, каб паказаць выгляд дыялогу ў час палітычнага крызісу.

Ці атрымлівалі беларускія апазіцыянеры запрашэнне на Усебеларускі народны сход і ці збіраюцца яго прыняць? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася непасрэдна да апанентаў улады. 

Чэрачэнь: “Гэта дыскрэдытацыя і сябе, і пратэсту”

На ўзроўні чутак інфармацыя наконт магчымага запрашэння паступала, але канкрэтных дзеянняў у адносінах да партыі “Грамада” не было, кажа яе лідар і экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачэнь.

“Асабіста маё меркаванне, што гэта шырма, каб задобрыць усе пратэсты, якія цяпер ідуць. Я лічу, што без магчымасці сказаць слова на дадзеным мерапрыемстве ўдзел у ім — гэта дыскрэдытацыя і сябе, і пратэсту, які зараз праходзіць”.

Еўрарадыё: А калі разам з запрашэннем будзе абяцанне магчымасці выступіць?

“Трэба будзе больш сур'ёзна абдумаць гэтае пытанне, але 99,9 адсотка, што нікому з альтэрнатыўных і апазіцыйных палітыкаў там слова не дадуць — гэта з разраду фантастыкі”, — мяркуе Чэрачэнь.

Кастусёў: “Такое запрашэнне не з’явіцца”

Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў таксама ў курсе чутак, але кажа, што ў партыю ніякіх запрашэнняў таксама не паступала. І не паступіць, перакананы палітык:

“Такое запрашэнне не з’явіцца, гэта я дакладна ведаю. Я асабіста туды не планую хадзіць”.  

Еўрарадыё: Чаму? 

“Ёсць шэраг патрабаванняў, пры выкананні якіх партыя БНФ гатова сесці за стол перамоваў з беларускімі ўладамі. Па-першае, гэта вызваленне ўсіх палітзняволеных. Па-другое, гэта расследаванне ўсіх фактаў гвалту да ўдзельнікаў мірных акцыяў. Па-трэцяе, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто гэты гвалт учыніў. І гэтак далей. Усё гэта было накіравана і ў Палату прадстаўнікоў, і ў Савет Рэспублікі, а таксама агучана мною ў эфіры нацыянальнага тэлебачання, куды мяне запрашалі. Але з боку ўладаў я атрымаў адказ, што гэта не прапановы, а ўльтыматум, які для ўладаў невыканальны. Калі яны так гэта ўспрымаюць, то зразумела, што ніякіх перамоўных працэсаў там адбывацца не можа”.

Дзмітрыеў: “Гэта —  трыбуна для аднаго чалавека, прыхільнікам якога не з’яўляюся”

Андрэй Дзмітрыеў з “Гавары праўду” называе мерапрыемтва не інакш, як “Усебаларускі сход чыноўнікаў і начальнікаў”:  

“Ад імя “Гавары праўды” я дасылаў у іх аргкамітэт тры прапановы, каб зрабіць гэты сход сапраўды народным. Першае — увесці ў аркамітэт прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Другое — сфармаваць разам агульны парадак дня праз інтэрнэт, які будзе разглядацца. І трэцяе — зрабіць магчымымі працэдуры вылучэння ад грамадства, якога на сённяшні дзень няма. Без усяго гэтага гэта сход прыхільнікаў Лукашэнкі. І паколькі я не прадстаўнік улады і не прыхільнік Лукашэнкі, то такое запрашэнне не атрымліваў”. 

Еўрарадыё: Але ўявім, што такое запрашэнне ўсё-ткі атрымаеце, то пойдзеце туды?

“Калі запрашэнне атрымаем, то там паглядзім. Зараз мая пазіцыя: гэта не народны сход. Гэта — трыбуна для аднаго чалавека, прыхільнікам якога не з’яўляюся”. 

Губарэвіч: “Дапускаю магчымасць прыняць удзел пры выкананні трох простых умоваў…”

Юрась Губарэвіч з Руху “За Свабоду” і чуткамі не цікавіцца, і запрашэння не атрымліваў:

“Я дапускаю магчымасць прыняць удзел (у сходзе. — Еўрарадыё) пры выкананні трох простых умоваў: гэта — вызваленне ўсіх палітвязняў, расследаванне па справах ужывання гвалту ды прызначэнне даты новых прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага можна весці дыялог”. 

Раманчук: “Пасядзець там, папіць каву ці гарэлку, пабыць масоўкай — гэта ж не дыялог”. 

Ніякіх запрашэнняў не атрымліваў, а каментаваць чуткі — гэта не справа навукоўца і даследчыка — як адразае Еўрарадыё эканаміст, самы заўважны лібертарыянскі палітык Беларусі і экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук.      

“Безумоўна, што без вызвалення ўсіх палітзняволеных, без пачатку нейкага сур’ёзнага дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі ўдзел у гэтым сходзе немэтазгодны і маральна таксічны. Навошта? Пасядзець там, папіць каву ці гарэлку, пабыць масоўкай — гэта ж не дыялог. Дыялог быў у Польшчы з “Салідарнасцю” ў другой палове 80-х гадоў, бо бакі чулі адзін аднаго. А тут — ніхто нікога не чуе”, — завочна адмаўляецца ад запрашэння Раманчук. 

Казлоў: “Да чутак не стаўлюся сур’ёзна, як і да гэтага сходу”

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў не ставіцца сур’ёзна ні да чутак пра запрашэнне на сход, ні да самога мерапрыемства: 

“Мне здаецца, гэта тое ж самае, як вас запісваюць ва ўчастковую выбарчую камісію пад кіраўніцтвам Ярмошынай. То-бок патрэбны пэўныя патрабаванні, якім я не адпавядаю”.

Еўрарадыё: Але ж калі такое запрашэнне атрымаеце, ці пагодзіцеся прыняць удзел?

“Не, бо ўсё відавочна: ім [уладам. — Еўрарадыё] хацелася б разбавіць увесь гэты цырк прадстаўнікамі апазіцыі, каб выдаць гэта за нейкае дасягненне і пацвердзіць гэтае дзіўнае суджэнне Лукашэнкі, што ў яго ўжо ўсё добра — ён з усімі дамовіўся, ён перагарнуў старонку. Я не магу з гэтым пагадзіцца, я не хочу перагортваць старонку. Я хочу, каб нарэшце адбылося правасуддзе, каб адбыліся сумленныя выбары, каб былі вызваленныя ўсе палітзняволеныя. А бяз гэтага мне няма пра што гаварыць”. 

Барысаў: “Не зусім правільна з маральнага пункту гледжання”

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Барысаў мяркуе гэтаксама, як і яго калегі па апазіцыйным цэху:

“Асабіста маё меркаванне, што ўдзельчаць у гэтым сходзе да таго моманту, пакуль знаходзяцца людзі і працягваецца гвалт, не зусім правільна з маральнага пункту гледжання. Калі такое запрашэнне, то партыйнымі органамі будзем яго абмяркоўваць і прымаць адпаведнае рашэнне. Якім будзе гэтае рашэнне? Я не выключаю, што яно будзе блізкае да маёй пазіцыі”. 

Кучук: “Легалізаваць гэты сход мы не лічым канструктыўным”

“Афіцыйнага запрашэння нам не прыходзіла, — расказвае кіраўнік партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук. — Гэтае мерапрыемства мы праігнаруем, бо лічым, яно нічога не вырашае і не з’яўляецца канстытуцыйным органам, які можа змяніць Канстытуцыю. Мы знаходзімся ў апазіцыі да дзейнай улады, таму легалізаваць гэты сход мы не лічым канструктыўным. На сходзе проста будзе праходзіць забалбатанне ўсіх гэтых праблемаў, якія існуюць у грамадска-палітычным крызісе Беларусі”. 

Канапацкая: “Выкарыстоўваць Усебаларускі сход як трыбуну, каб данесці пункт гледжання пра сітуацыю ў краіне, неабходна”

А вось эпатажная Ганна Канапацкая адразу ўдакладняе, што як кандыдат у прэзідэнты яна не павінна нейкія чуткі абмяркоўваць, але дзеліцца з Еўрарадыё сваім стаўленнем да сходу:

“Гэта спроба ўлад зрабіць выгляд дыялогу і адцягуць увагу грамадскасці ад тых рэальных праблем, якія цяпер існуюць у грамадстве. Трэба разумець, што гэта не з’яўляецца нейкім законатворчым органам ці органам улады альбо кіравання”. 

Еўрарадыё: Але калі вас запросяць, то пойдзеце туды?

“Канчатковага рашэння не прыняла, але я лічу, што выкарыстоўваць Усебаларускі сход як трыбуну, каб данесці пункт гледжання пра сітуацыю ў краіне, неабходна. І выкарыстоўваць не толькі як трыбуну, але для стварэння груп уплыву ў тых ці іншых пытаннях, бо цяпер вельмі адраджаецца грамадзянская і палітычная актыўнасць беларусаў, і гэта безумоўна трэба выкарыстоўваць, каб прыйшлі сапраўдныя перамены для захавання беларускіх дзяржаўнасці і незалежнасці. А таксама мы ні ў якім разе не павінны даваць уладам у рукі чарговы козыр, каб ёй казаць, што апазіцыя не гатовая да дыялогу і супрацоўніцтва”, — кажа Канапацкая.   

Усё-ткі як мінімум на аднаго альтэрнатыўнага палітыка на Усебеларускім народным сходзе ўлады могуць разлічваць. Іншых вядомых апазіцыянераў мы, хутчэй за ўсё, там не ўбачым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.